У ААТ “Васілішкі” актыўна ўбіраюць азімы рапс і пшаніцу

У ААТ “Васілішкі” вырасцілі дастойны ўраджай азімага рапсу: з кожнага гектара тут атрымліваюць каля 35 цэнтнераў масланасення. На ўборцы гэтай алейнай культуры задзейнічана 6 зернеўборачных камбайнаў, якім прадстаіць абмалаціць 1100 гектараў.

 

 

Сярод тых, хто ўвесь светлавы дзень працуе ў полі, – вопытны механізатар Віктар Генрыхавіч Юшкевіч. Яго камбайн па самую жатку хаваецца ў рапсе, які вырас у чалавечы рост. Над тэхнікай пастаянна кружаць буслы – прадвеснікі ўдачы і дабрабыту, а іх гучны вясёлы клёкат выдатна дапаўняе жніўную песню.

 

– Гэта мая 36-ая ўборачная кампанія, а працоўны стаж у роднай гаспадарцы і ўвогуле налічвае 40 гадоў, – зазначае камбайнер Віктар Генрыхавіч Юшкевіч. – У гэтыя гарачыя дзянькі прачынаюся на досвітку і спяшаюся на мехдвор, каб абслужыць і заправіць свайго “жалезнага каня”. Камбайну ідзе 16 сезон, аднак я перабраў да апошняй шрубкі, таму тэхніка працуе без збояў. Малаціць пачынаем рана, бо высокі рапс на ветры хутка абсыхае ад расы. У дзень убіраю да 20 гектараў.

 

Разам з Віктарам Генрыхавічам у полі працуе малады камбайнер Арцём Васільевіч Кармазын. На кормаўборачным камбайне “Палессе-8060” ён размерана рухаецца ўздоўж валкоў і падбірае салому, якую здрабняе і высыпае ў кузавы грузавых аўтамабіляў, што едуць паралельна.

 

 

– Я прыехаў у ААТ “Васілішкі” з Дзятлаўскага раёна, – гаворыць Арцём Васільевіч Кармазын. – Зрабіць выбар дапамог брат Дзмітрый, які працуе тут на свінакомплексе. І не пашкадаваў! Гаспадарка моцная, калектыў дружны, ды і заработная плата дастойная. За дзень убіраю каля 700 тон саломы. Загружаю 20-тонны МАЗ менш чым за 10 хвілін, і грузавікі аператыўна развозяць масу па фермах. Пакідаю кабіну свайго камбайна, толькі калі сонца хаваецца за гарызонт. Безумоўна, такі напружаны рытм выматвае фізічна, але я не прывык пасаваць перад цяжкасцямі.

 

Уборачная кампанія ў ААТ “Васілішкі” арганізавана выдатна: механізатары забяспечаны спецадзеннем, аптэчкамі, вогнетушыцелямі. Усе работнікі, занятыя на жніве, атрымліваюць двухразовае гарачае харчаванне. Паклапаціліся тут аб бяспецы працы: на кожным полі абавязкова дзяжурыць пажарная машына або стаіць бочка з вадой.

 

Дарэчы, азімы рапс – не адзіная культура, якую ўбіраюць васілішкаўскія аграрыі. Паралельна яны абмалочваюць азімую пшаніцу.

 

 

– Сёлета зерневыя выдатна перазімавалі, а цёплае надвор’е з частымі дажджамі паспрыяла росту раслін і выспяванню коласа, – зазначае галоўны аграном ААТ “Васілішкі” Дзяніс Іванавіч Комар. – Сёлета хлебная ніва ў нас займае 7900 гектараў. Убраць вырашчаны ураджай плануем да 10 жніўня. Па даных на 20 ліпеня, ужо намалацілі амаль 3200 тон зерня новага ўраджаю.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!