У ААТ “Шчучынаграпрадукт” на касавіцы задзейнічана дзесяць адзінак тэхнікі

 

У ААТ “Шчучынаграпрадукт” на касавіцы задзейнічаны касілка, два кормаўборачныя камбайны, столькі ж спушвацеляў і пяць адзінак грузавой тэхнікі. Работа ў полі пачынаецца на досвітку і не спыняецца да заходу сонца.

 

Калі мы заехалі на поле ля вёскі Лагады, тут ва ўсю касілі шматгадовыя злакавыя і бабовыя травы – канюшыну, купкоўку і фістулоліум. Камбайн “Ягуар” размерана рухаўся па полі, а паралельна з ім – магутны МАЗ, у кузаў якога адпраўлялася падвяленая зялёная маса.

 

– Апошнія сем гадоў я працую на зернеўборачным камбайне, а сёлета да ўсяго асвоіў кормаўборачны “Ягуар”, – дзеліцца механізатар Аляксандр Герасімчык. – Тэхналагічны працэс, як і кіраванне гэтым “жалезным волатам”, даволі падобныя, таму асаблівага дыскамфорту не адчуў. Рухаюся па полі з хуткасцю 3,5 кіламетра. Падбіраю і здрабняю свежаскошаныя травы, паралельна дабаўляючы кансервант: на камбайне ўсталявана бочка аб’ёмам 250 літраў, куды і дабаўляю адпаведныя рэчывы. Працую ў полі ў рытме нон-стоп, пакуль стаіць цёплае сухое надвор’е. За працоўную змену загружаю да 300 тон зялёнай масы, пры гэтым мой жалезны конь “з’ядае” да 150 літраў саляркі. Дадому вяртаюся, калі сонца ўжо хаваецца за гарызонт. Прачынаюся ў 6.30 і накіроўваюся на мехмайстэрню, каб падрыхтаваць свой камбайн да выхаду ў поле: заправіць яго, прадуць і пачысціць усе вытворчыя вузлы, прайсці тэст на ўтрыманне алкаголю ў крыві і атрымаць адпаведную пуцёўку.

 

 

Разам з Аляксандрам Міхайлавічам на касавіцы працуе малады вадзіцель Андрэй Захарчук, які кіруе магутным МАЗам.

 

– Я сам з Ражанкі, скончыў Карэліцкі будаўнічы ліцэй і паспяхова асвоіў прафесію кранаўшчыка, аднак па-сапраўднаму знайшоў сябе ў сельскай гаспадарцы, – расказвае Андрэй Аляксандравіч. – Родная гаспадарка выдзеліла камфортную трохпакаёвую кватэру, куды мы і пераехалі з жонкай і трыма нашымі дзеткамі. Падчас касавіцы пастаянна дзяжуру ў полі і пад’язджаю да камбайна, калі чарговы загружаны грузавік ад’язджае да бліжэйшай сянажнай траншэі. Праз 10-15 хвілін сам адпраўляюся ў тым жа накірунку. За працоўную змену раблю каля 10 рэйсаў. Калі разбяруся з кармамі, пераключуся на жніво. Летась перавёз каля 3000 тон зерня, не падвяду і сёлета!

 

Каб сянаж быў якасным і спажыўным для жывёлы, аграрыі ААТ “Шчучынаграпрадукт” імкнуцца скасіць травы ў аптымальную фазу. Увесь вытворчы працэс праводзіцца са строгім выкананнем усіх тэхналагічных патрабаванняў.

 

– У бягучым сезоне плануем нарыхтаваць 1200 тон сена, 33100 тон сенажу і 40000 тон сіласу, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Валяр’ян Янавіч Фядзюк. – Гэтага дастаткова, каб паўнавартасна забяспечыць кармавой базай пагалоўе буйной рагатай жывёлы. А калі будуць якасныя кармы – будуць і высокія надоі.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!