У ААТ “Дэмбрава” ва ўсю квітнеюць палеткі сланечніка

 

Аб’язджаючы палеткі ААТ “Дэмбрава”, немагчыма не спыніцца ля поля, дзе квітнее сланечнік: расліны вымахалі пад два метры вышынёй і радуюць вока буйнымі жоўтымі “кашолкамі”, над якімі без перапынку рупліва гудуць працавітыя пчолы.

 

– Летась мы пасадзілі на плошчы 60 гектараў сланечнік уперамежку з кукурузай так званым кулісным спосабам – чаргуючы культуры праз кожныя два радкі, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Скорб. – Такім чынам падчас уборкі атрымалі гатовую сумесь з заданым утрыманнем абодвух кампанентаў, што дазволіла значна павялічыць пратэінавую пажыўнасць сіласу і тым самым павысіць тлустасць малака, сярэднясутачныя надоі і прывагі. Атрыманым кормам нашы жывёлаводы засталіся задаволены, таму сёлета было вырашана паўтарыць гэты эксперымент. Да ўсяго на плошчы 30 гектараў пасеялі сланечнік на насенне. Выкарысталі замежны высокапрадукцыйны сорт “Кларыка” і плануем атрымаць з кожнага гектара не менш за 40 цэнтнераў масланасення.

 

Упэўнены, так яно і будзе, бо дэмбраўскія аграрыі дасканала выканалі ўсе тэхналогіі. Яны своечасова правялі хімпраполку пасеваў, а таксама інсектыцыдную і фунгіцыдную апрацоўкі, унеслі неабходную колькасць мінеральных угнаенняў і мікраэлементаў. Усё гэта станоўча паўплывала на рост раслін.

 

– Перад уборкай, каб падсушыць пасевы, апрацуем іх дэсікантамі пры дапамозе французскага высокакліранснага апырсквальніка “Berthoud”, які набылі летась, – працягвае Дзмітрый Скорб. – Затым запусцім на поле кормаўборачны камбайн з кукурузнай жаткай, які і абмалоціць вырашчаны ўраджай. Пакінутыя зялёныя сцябліны здрабнім, а поле – узаром, а затым пасеем на ім азімыя культуры. Насенне плануем перапрацоўваць самі пры дапамозе ўласнай лініі па перапрацоўцы рапсу, якую спецыяльна перанастроім. Атрыманы алей будзем рэалізоўваць.

 

А пакуль сланечнік квітнее, поле з’яўляецца спакуслівым кавалкам для пчол, якія тут увесь час кружацца і рупліва збіраюць пылок, тым самым апыляючы расліны. З дазволу кіраўніцтва ААТ “Дэмбрава” ажно тры пчаляры ўстанавілі тут каля 30 домікаў з пчалінымі сем’ямі.

 

– Каб папоўніць рацыён жывёлы бабовымі культурамі, багатымі на ўтрыманне бялку, мы пашырылі пасевы не толькі сланечніку, але і люцэрны з гарохам, – зазначае Дзмітрый Скорб. – Пад апошні адвялі 150 гектараў і праз пару дзён пачнём убіраць вырашчаны ўраджай. А чарга “кветкі сонца” надыдзе толькі ў пачатку верасня. Атрыманыя ў працэсе парапрацоўкі алей і бялковы жмых дазволяць нам адмовіцца ад набыцця дарагіх соевых аналагаў.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!