“У 85 магу чытаць раёнку без акуляраў!” Адданая чытачка “Дзянніцы” Яўгенія Вінаходава, якая больш за 60 год выпісвае нашу газету, сёння адзначае свой паважаны юбілей і дзеліцца ўспамінамі пра час і пра сябе

Яўгенія Мікалаеўна Вінаходава выпісвае нашу газету яшчэ з тых далёкіх часоў, калі шчучынская раёнка выходзіла пад назвамі “Ленінскі шлях” і “Савецкая вёска”. Надзейнай сяброўкай стала для яе і сённяшняя “Дзянніца”.

-- Газета – гэта маё ўсё: зарад энергіі, настрой, акенца ў свет! – прызнаецца жанчына. – У апошнія гады практычна не выходжу ў горад з-за хворых ног. А жыць грамадскімі інтарэсамі прывыкла з маладосці. Дзякуючы “Дзянніцы” я ў курсе ўсіх навін раёна: што і дзе будуецца, якія вытворчасці адкрываюцца, даведваюся пра лёсы і поспехі сваіх землякоў, бо вельмі многіх людзей ведаю асабіста.

Усё жыццё Яўгенія Мікалаеўна пражыла на Шчучыншчыне, была сведкай падзей, з якіх складвалася гісторыя раёна.

“Па нашай вуліцы ішлі фашысты паліць вёску Зінякі”

-- Родам я з Астрыны, -- пачынае свой нетаропкі расповед Яўгенія Мікалаеўна. -- Тата перад вайной паехаў працаваць у вугальную шахту, адтуль у 1941-м  адправіўся на фронт. А мама з намі, трыма дачушкамі, старалася выжыць у акупацыі. Як бы цяжка ні прыходзілася, а яна яшчэ і іншым дапамагала. Памятаю, як варыла вялікую ёмістасць поліўкі, умудралася чымсьці прыскварыць яе і адносіла ў лагер для ваеннапалонных, куды немцы сагналі нашых салдат і галоднымі адпраўлялі на катаржныя работы.

 Ніколі не забуду, як у студзені 1944 года ля нашага дома ў Астрыне гітлераўцы рухаліся ў бок лесу, а мы забіліся ў куточак на печы і дрыжалі ад страху, разумеючы, што ўсё гэта дабром не скончыцца. На наступны дзень даведаліся, што фашысты спалілі вёску Зінякі з усімі яе жыхарамі, не пашкадавалі нават маленькіх дзяцей. Да нас прыбегла маміна знаёмая – Малання, якой цудам удалося адтуль уцячы. Яна і расказала, як усё адбывалася, нейкі час хавалася ў нас, а потым яны з мамай знайшлі сувязь з партызанамі, і Малання  пайшла ў атрад помсціць ненавіснаму ворагу.

Якім жа радасным было доўгачаканае вызваленне ад акупантаў! У маміным агародчыку, нягледзячы на вайну, заўсёды цвіло мноства кветак. У ліпені 1944-га мы з сёстрамі, як і іншыя жыхары Астрыны, нарэзвалі букеты і імчалі на шашу Гродна-Вільнюс, па якой рухаліся калоны чырвонаармейцаў – нашых вызваліцеляў. З таго часу Дзень Незалежнасці для мяне -- асаблівае свята.

Культуру – у масы

Пасля выпускных экзаменаў у Астрынскай школе Жэня Намейка (такім на той час было прозвішча Я.М. Вінаходавай) вырашыла паступаць у Гродзенскае культасветвучылішча. Загадчык Васілішкаўскага раённага аддзела культуры таварыш Дзербан накіраваў маладога спецыяліста наладжваць культурнае жыццё ў вёску Савічы. Акрамя работы хаты-чытальні Яўгенія арганізавала мастацкую самадзейнасць, сабрала хор, і дружнай маладзёжнай брыгадай яны ездзілі выступаць у іншыя населеныя пункты. Гэта атрымала высокую ацэнку кіраўніцтва, і дзяўчыну з арганізатарскімі здольнасцямі забіраюць на культасветработу ў райцэнтр -- у Астрыну. Але нечакана Васілішкаўскі раён далучаюць да Шчучынскага, ідзе скарачэнне кадраў.

“Жэня, дык ты ж на кравецкіх курсах займалася. Маеш пасведчанне? Тады едзь у Шчучын,  у ваенным атэлье краўчыхі патрэбны,” -- параіў мне старшыня мясцовага калгаса Канстанцін Пятровіч Рэбеш.   

“У каго штаны Вінаходава?”

 Так  Яўгенія Мікалаеўна стала майстрам па пашыве ваеннай формы. Узгадвае, што працаваць у гарнізоннай мастэрні было цікава і адказна. Патрабавалася старанне, скрупулёзнасць і выключная якасць. Усімі гэтымі вартасцямі валодала прывучаная змалку да працы дзяўчына, якую да ўсяго Бог надзяліў здольнасцю да швейнай справы.

-- Аднойчы ў майстэрні адбыўся сапраўдны перапалох: ваеннаслужачы прыйшоў пасля водпуску забраць свой даўнішні заказ, а знайсці яго не ўдавалася. “У каго штаны Вінаходава?” – нібы рэхам паўтаралі швачкі і закройшчыкі кінуты прыёмшчыцай кліч. Я тады была яшчэ навічком, не звяртаючы ні на каго ўвагі, засяроджана выконвала нейкую аперацыю, але  раптам асяніла: у мяне ж вісяць нейкія даўно пашытыя штаны! Глянула: так і ёсць, на цэтліку надпіс “Вінаходаў”. Выходжу ў залу, прашу прабачэння, а мне абаяльна ўсміхаецца высокі прыгажун. Пашытае падышло без паправак. А праз некалькі дзён малады чалавек сустракаў мяне з работы і запрасіў у кінатэатр “Зара”. Так мы і пазнаёміліся з Генадзем Вінаходавым, а неўзабаве і вяселле згулялі.

Юбілей – у кругу сям’і

-- Мой муж быў родам з Валгаграда, -- працягвае свой аповед Яўгенія Мікалаеўна. -- Цікава было ездзіць у водпуск да яго радні – вельмі добрых і шчырых людзей, убачыць магутную раку Волгу і прыгажосць гэтага расійскага горада. Жылі мы дружна, выхавалі дваіх сыноў, якія для мяне цяпер надзея і апора. Віктар працуе на прадпрыемстве “Малочны Мір” у Гродне, а Сяргей у кампаніі свайго аднакласніка “Логал-БІО” ў Шчучыне, дзе вырошчваюць грыбы шампіньёны. Заўсёды шчыра радуюся, калі збіраемся ўсе разам, калі ўнукі прыязджаюць.

Дарэчы, менавіта сёння будзе асаблівая нагода для такой цёплай сямейнай сустрэчы ў доме Вінаходавых. Яўгенія Мікалаеўна адзначае свой 85-гадовы юбілей. Кажа, што лепшы падарунак для яе – падпіска на “Дзянніцу”, аформленая адразу да канца года. Жанчына вельмі пасябравала з паштальёнам Надзеяй Іванаўнай Палубятка і заўжды з нецярпеннем чакае  “сваю Надзейку” з чарговым нумарам любімай газеты.
Сёння мы далучаемся да шматлікіх віншаванняў у адрас юбіляркі, зычым нашай адданай чытачцы здароўя, бадзёрасці і аптымізму. Няхай яшчэ дзясяткі гадоў, паважаная Яўгенія Мікалаеўна, Вас радуе наша “Дзянніца”.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!