Трапныя стралкі “куюцца” ў ціры

У сярэдняй школе №1 г. Шчучына пасля доўгатэрмі­новага перапынку аднавіў работу цір. Яго з задавальненнем наведваюць рабяты, якія захапляюцца стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі.

– Пэўны час гэта памяшканне пуставала, – гаворыць дырэктар СШ №1 г. Шчучына Андрэй Станіслававіч Панасевіч. – Займацца тут было немагчыма з-за камунальных праблем: падлогу рэгулярна залівала вадой. Акурат да пачатку бягучага навучальнага года мы прывялі ў парадак водаправод, аднавілі ацяпленне, усталявалі асвятленне, патынкавалі і пафарбавалі сцены. На ўсе гэтыя работы выдаткавалі прыкладна 1000 рублёў. 
Біць “у яблычак” рабят вучыць настаўнік фізічнай культуры У.М. Федасееў. На занятках у стралковым гуртку хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з устройствам пнеўматычнай зброі, практыкуюцца ў стральбе стоячы і седзячы з дыстанцыі да 15 метраў.


– Мае выхаванцы рэгулярна ўдзельнічаюць у розных ваенна-патрыятычных спаборніцтвах і дабіваюцца дастойных вынікаў, – не без гонару зазначае Уладзімір Мікалаевіч. – Наш гурток цяпер наведваюць 12 рабят, аднак яго папулярнасць сярод навучэнцаў пастаянна расце. Упэўнены, у наступным годзе рады стралкоў значна папоўняцца.
Дырэктар СШ №1 А.С. Панасевіч прызнаўся, што ў яго на цір вялікія планы.
– Мы аднавілі толькі 15 метраў памяшкання, агульная даўжыня якога складае 56 метраў, – падкрэслівае Андрэй Станіслававіч. – У перспектыве мы цалкам прывядзём яго ў парадак. Такім чынам, можна будзе вучыцца страляць з дыстанцыі да 50 метраў. Практыкавацца ў стральбе змогуць не толькі школьнікі, але і прадстаўнікі сілавых структур.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)