Традыцыйны дзіцячы калядны турнір на прызы ТАА “Праймілк” сабраў у Шчучыне юных футбалістаў

 

Традыцыйны калядны дзіцячы турнір па міні-футболе на прызы ТАА “Праймілк” прайшоў на гэтым тыдні ў Шчучыне. Сёлета ў спаборніцтвах ўзялі ўдзел чатыры каманды са Шчучына, Ліды і Зэльвы. Наш раён прадстаўлялі каманды “ДЮСШ Шчучын” і “ФСК Шчучын”.

 

Здаровы дух спаборніцтва і сяброўская атмасфера панавалі на пляцоўцы спарткомплексу па вуліцы Авіятараў, дзе праходзіў турнір. Юныя спартсмены стараліся прадэманстраваць індывідуальнае майстэрства. Аднак нашмат важней, што дзеці паказалі і камандны настрой. Разам радаваліся перамогам і разам перажывалі няўдачы.

 

 

У матчы за трэцяе месца сышліся каманда з Зэльвы і “ФСК Шчучын”. У гэтым паядынку госці нашага горада былі мацней і перамаглі шчучынцаў з лікам 6:2, узяўшы такім чынам бронзу турніру. Сур’ёзнае супрацьстаянне чакала заўзятараў у фінале. У матчы за залатыя медалі сышліся “ДЮСШ Шчучын” і “ФСК Ліда”. Па ходу сустрэчы нашы хлопчыкі прайгравалі з лікам 0:4, але змаглі пераламіць гульню і забілі ў вароты лідскіх футбалістаў ажно 9 мячоў. Такім чынам, з лікам 9:6 каманда “ДЮСШ Шчучын” перамагла ў фінале і стала чэмпіёнам каляднага турніру на прызы ТАА “Праймілк”.

 

 

Каманды ўдзельніцы былі адзначаны кубкамі. Акрамя таго, кожны футбаліст атрымаў асабісты салодкі падарунак ад кампаніі “Праймілк” з рук яе дырэктара Анатолія Бяляўскага.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!