Сёння Каменская школа ўрачыста і прыгожа адзначыла сваё 70-годдзе. Даведаліся, як праходзіў юбілей

 

 

Подых гісторыі і дынаміка сучаснасці адчуваюцца тут ужо ў школьным двары, дзе беражліва захавалі каларытны стары будынак, а побач велічна ўзвышаецца сучасны корпус вучэбна-педагагічнага комплексу “Каменскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Сёння тут спасцігаюць азы навукі 70 навучэнцаў і выхоўваюцца, пакуль мамы на рабоце, 24 дашкольнікі. Плённа працуюць з маладым пакаленнем 25 настаўнікаў.   

 

На ўрачыстасць у школу-юбілярку завітала багата гасцей. Сярод іх намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Павел Тарчынскі, яго намеснік Жанна Мецько, старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Вашчыла, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук, старшыня Каменскага сельвыканкама Сяргей Панас, прадстаўнікі СВУ “Пратасаўшчына”, ОАО “Шчучынаграпрадукт”, РУП “Гроднааблгаз”, якія шэфствуюць над школай, а таксама калегі-дырэктары і, вядома, выпускнікі розных гадоў.

 

Школьнікі правялі для гасцей змястоўную экскурсію па краязнаўчым музеі, расказалі аб патрыятычных традыцыях піянерскай дружыны імя Пятра Кузьміна, пазнаёмілі са шматлікімі экалагічнымі праектамі, якія сумесна рэалізуюць вучні і настаўнікі.

 

 

Да чаго ж цікавыя факты з гісторыі Каменскай школы расказалі ветэраны педагагічнай працы – былы дырэктар Васілій Адамавіч Віткоўскі і настаўніца славеснасці Галіна Іосіфаўна Елісеева! А вось аб дні сённяшнім, інавацыйных падыходах у адукацыйным працэсе, аб сваім творчым і працаздольным калектыве, таленавітых настаўніках і вучнях распавёў дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу Віктар Розмысл.

 

Пад апладысменты выйшлі на сцэну дарослыя выпускнікі Каменскай СШ, якія сталі сапраўдным гонарам школы – выдатнымі прафесіяналамі і выдатнымі людзьмі. Нягледзячы на занятасць, проста не маглі не прыехаць яны на гэты знакавы юбілей у родную альма матэр. Сярод выпускнікоў нямала высокакласных урачоў, педагогаў, інжынераў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, супрацоўнікаў МУС… Пранікнёныя словы падзякі сваім настаўнікам, захапленне прыгажосцю і добраўпарадкаванасцю школы, яе сучаснай аснашчанасцю – вось што гучала з іх вуснаў.

 

 

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта павіншавала прысутных з юбілеем школы і зачытала Прывітальны адрас ад кіраўнікоў раёна – старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксея Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк.

 

У гэты святочны дзень гучала багата добрых пажаданняў, слоў падзякі ўсім тым, хто ўклаў шмат намаганняў, энергіі і душэўных сіл, каб Каменская школа была такой, як сёння – утульнай, сучаснай, дзе дзеці і дарослыя адчуваюць сябе, нібы  дома, нібы ў дружнай сям’і.

 

 

Кожны з гасцей прыйшоў на юбілей з падарункамі, сертыфікатамі на набыццё неабходнага абсталявання, каб яшчэ больш умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы адукацыі. Шэраг настаўнікаў быў узнагароджаны ганаровымі граматамі. А агульным падарункам для ўсіх стаў цудоўны святочны канцэрт, які падрыхтавалі работнікі культуры Шчучынскага РЦКіНТ.

 

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!