Сёлета на МТФ “Глыбокае” СВУ “Пратасаўшчына” плануюць атрымаць ад кожнай рагулі 10000 кілаграмаў малака

 

“Глыбокае” – самая перадавая малочнатаварная ферма ў СВУ “Пратасаўшчына”: летась тут ад кожнай рагулі атрымалі 9805 кілаграмаў малака, што на 75 кілаграмаў больш, чым у 2020 годзе. Сёлета мясцовыя жывёлаводы плануюць павялічыць гэты паказчык да 10000 кілаграмаў.

 

Калі мы заехалі на гэты вытворчы аб’ект, нас гасцінна сустрэў брыгадзір МТФ “Глыбокае” Віктар Федаровіч і прапанаваў наведаць малочна-даільны блок. Пераступаючы праз парог, заўважаю на сцяне ля ўваходу незвычайны прыбор з маніторам.

 

– У чым яго прызначэнне? – папярэдзіў маё пытанне Віктар Іванавіч. – У кожнага работніка нашай фермы ёсць індывідуальны электронны пропуск. Прыходзячы на працу, мы прыкладваем яго да спецыяльнага сэнсара, і камп’ютар фіксуе час, калі заступілі на змену. Дастаткова дыхнуць на датчык, і ён пакажа наяўнасць алкаголю ў крыві. З гэтай працэдуры пачынаецца працоўны дзень кожнага з нас, ёй жа і заканчваецца. На аб’екце ўсталяваны 16 відэакамер, якія фіксуюць усе дзеянні персаналу.

 

 

МТФ “Глыбокае” абслугоўваюць 23 работнікі, у тым ліку 5 аператараў машыннага даення. Разам яны даглядаюць 505 дойных кароў і каля 350 цялят, якія знаходзяцца тут на дарошчванні. Штодзень на ферме здаюць на перапрацоўку на Шчучынскі філіял “Малочны Мір” 13,1 тоны малака 100% сортам “экстра”.

 

– У суткі мы праводзім тры дойкі, – зазначае Віктар Федаровіч. – У зале ўсталяваны дзве даільныя лініі фірмы “Westfalia” па 16 месцаў кожная. Атрыманае ад кожнай дойкі малако па малакаправодзе трапляе ў асобны халадзільнік. У нас іх тры агульным аб’ёмам 18,3 тоны. Каб астудзіць сыравіну з 38,5 да 3,6 градуса максімальна хутка, у сістэму падачы ўсталявалі спецыяльны прыбор для папярэдняга ахалоджвання. Дзякуючы гэтай тэхналогіі малако можна здаваць ужо праз 30 (!) хвілін пасля дойкі, а раней гэты працэс займаў прыкладна тры гадзіны.

 

Высокіх надояў немагчыма дабіцца без высакаякасных кармоў. І ў СВУ “Пратасаўшчына” яны выключна сваёй вытворчасці. Для гэтага ў гаспадарцы працуе камбікормавы завод. На тэрыторыі МТФ “Глыбокае” налічваецца чатыры траншэі, у якія закладзена 3,5 тысячы тон сенажу і 4,5 тысячы тон сіласу.

 

 

– У рацыён кароў уваходзяць сянаж, сілас, сена, кармавы канцэнтрат, патака і плюшчаная кукуруза, а таксама розныя прэміксы і дабаўкі, – дзеліцца памочнік брыгадзіра МТФ “Глыбокае” Андрэй Цімошка. – Кармленне ў нас трохразовае. Для гэтага выкарыстоўваем вертыкальны кормараздатчык з шалямі. Розным групам кароў даём адпаведную колькасць корму згодна з распрацаваным рацыёнам. На ферме ёсць спецыяльны механізаваны кормападкідвальнік, які дазволіў нам выключыць фізічную працу жывёлаводаў і значна паскорыць вытворчы працэс. Ён даволі ўніверсальны: можна падчапіць шчотку, коўш, вілы, тачку ці касілку.

 

На МТФ “Глыбокае” асаблівую ўвагу надаюць здароўю маладняку. Адразу пасля нараджэння цялят змяшчаюць у домік для абсушкі, куды падаецца цёплае сухое паветра. Праз 15-20 хвілін падачу спыняюць і даюць нованароджанаму яшчэ 30 хвілін адаптавацца да тэмпературы навакольнага асяроддзя. Затым пераводзяць у індывідуальны домік (іх на ферме налічваецца 100) і выпойваюць цёплым якасным малодзівам, якое ўтрымлівае неабходную колькасць антыцелаў для падтрымання імунітэту.

 

– Наступныя два месяцы мы кормім цялятак малаком, якое дастаўляем пры дапамозе малочнага таксі аб’ёмам 260 літраў, – працягвае Андрэй Генадзьевіч. – Яно стэрылізуе малако пры тэмпературы 67 градусаў на працягу 20-30 хвілін, пасля ахалоджвае да тэмпературы прыкладна 40 градусаў і аўтаматычна вымярае дазіроўку згодна з узростам і вагой таго ці іншага цяляці.

 

 

Маладняк у двухмесячным узросце пераводзяць на групавое ўтрыманне ў юртах з магчымасцю выгулу. Праз чатыры месяцы бычкоў адвозяць на адкорм на ферму “Грамавічы”, дзе арганізавана беспрывязнае ўтрыманне. Цялушак адпраўляюць на ферму “Залесная”, дзе тыя дарошчваюцца. Калі жывёлы дасягаюць вагі 380-400 кілаграмаў, іх асемяняюць, расцельваюць, потым прыкладна 60 дзён раздойваюць і размяркоўваюць па малочнатаварных фермах “Глыбокае” і “Каменка”.

 

– Такім чынам мы атрымліваем здаровых кароў першага цялення, якія забяспечваюць высокія надоі малака, – заключае брыгадзір МТФ “Глыбокае” Віктар Федаровіч. – Дзякуючы гэтаму якасна абнаўляецца дойны статак, таму і вытворчыя паказчыкі няспынна растуць.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!