Свята дзіцячага чытання. У Шчучыне ўрачыста адкрылі Тыдзень дзіцячай кнігі

Традыцыйна падчас вясенніх канікул у нашым раёне праводзіцца Тыдзень дзіцячай кнігі. На працягу бліжэйшых дзён пройдзе шэраг мерапрыемстваў, якія будуць накіраваны на папулярызацыю дзіцячай кнігі і чытання. Старт ім быў дадзены на сцэне Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мерапрыемства сабрала шмат аматараў дзіцячай літаратуры.

 

Акторы ў вобразах казачных персанажаў забаўлялі юных кнігалюбаў віктарынамі, конкурсамі і музыкальнымі выступамі. Таксама дзеці падчас прагляду тэматычнага фільма акунуліся ў гісторыю правядзення Тыдняў дзіцячай кнігі. Аказваецца, гэтая традыцыя паходзіць яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Так, першыя “кніжчыны імяніны” прайшлі ў Маскве ў 1943 годзе па ініцыятыве дзіцячага пісьменніка Льва Касіля.

 

 

 

Асноўны сюжэт цікавага дзейства на сцэне РЦКіНТ развіваўся вакол Каралевы кніг, якая разам з маленькімі чытачамі вяртала скрадзеныя з вядомых казак прадметы. Разам з катом Базіліа і лісой Алісай уся зала залівалася смехам і скакала падчас танцавальных флэшмобаў.

 

Па традыцыі на сцэну падняліся самыя актыўныя чытачы раённай дзіцячай бібліятэкі. За любоў да кнігі іх узнагародзілі ў двух намінацыях – “Лепшы чытач Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі” і “Лепшы чытач класа”. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі граматы і падарункі.

 

 

Дакладней пра Тыдзень дзіцячай кнігі нам расказала дырэктар ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” Аляксандра Янкоўская:

 

– На працягу тыдня літаратурныя сустрэчы для малодшых чытачоў пройдуць на базе Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі. Але падобныя мерапрыемствы не абмяжуюцца толькі райцэнтрам. Так, у нас запланаваны цікавыя конкурсы і віктарыны ў Навадворскай, Астрынскай, Жалудоцкай, Дэмбраўскай, Тур’янскай і Васілішкаўскай бібліятэках.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!