Своечасова ўбраць і якасна захаваць

У ААТ “Васілішкі” актыўна прыступілі да ўборкі капусты, пад якую сёлета адведзена 20 гектараў. Згодна з сучаснай кан’юнктурай рынку плошчу пад гэтую культуру ў параўнанні з мінулым годам мясцовыя аграрыі скарацілі, аднак ураджай тут плануюць атрымаць не меншы, чым летась. 

– Вы паглядзіце, якія вялікія качаны! – зазначае работніца сада Ірына Валяр’янаўна Ашмянчук. – Некаторыя дасягаюць вагі 10 кілаграмаў. Такі ўраджай збіраць – адно задавальненне. Мы акуратна загружаем капусту ў спецыяльныя кантэйнеры. Падгніўшыя качаны выбракоўваем, бо яны дрэнна захоўваюцца.
Амаль кожныя паўгадзіны трактары з нагружанымі да верху прычэпамі, нібы цягнікі з вагонамі, дастаўляюць зялёны груз на сховішча, дзе той закладваецца на захоўванне. Сярод тых, хто задзейнічаны на адвозцы капусты – малады механізатар Артур Мусяла.


– Сам я тутэйшы, з вёскі Лычкаўцы, – гаворыць Артур. – Летась пасля заканчэння Лідскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва ўладкаваўся трактарыстам у родную гаспадарку. Як кажуць, дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся! Мне даверылі не новы, але выдатна дагледжаны трактар МТЗ-82, якім і кірую. У полі – амаль увесь светлавы дзень. Ну а як іначай? Ураджай чакаць не будзе. Вытрымаць такі напружаны рытм няпроста, але я прывык. Адказна ставіцца да сваіх абавязкаў мяне навучылі бацькі, якія, дарэчы, таксама працуюць у ААТ “Васілішкі”. 


Яшчэ летась у сельгаспрадпрыемстве сярэдняя ўраджайнасць капусты складала 25 тон з гектара. Сёлета, дзякуючы напружанай працы ўсяго калектыву і строгаму выкананню тэхналогій, гэты паказчык ужо дасягнуў 45 тон і працягвае расці. Вось, што называецца, – высокі ўзровень культуры земляробства.
– Сёлета мы адвялі пад капусту найбольш урадлівыя палі, – дзеліцца формулай поспеху загадчык яблыневага саду ААТ “Васілішкі” Пётр Станіслававіч Лютастанскі. – Пры пасадцы выкарыстоўвалі высокапрадукцыйны галандскі гібрыд “леон”, які можа захоўвацца ў кантэйнерах да 8 месяцаў. Каб атрымаць дастойны ўраджай, у поўнай меры апрацавалі капусныя палеткі гербіцыдамі, фунгіцыдамі і інсекціцыдамі. Ды і надвор’е паспрыяла: расліны назапасілі ўдосталь вільгаці, неабходнай ім для росту і развіцця. Усё гэта станоўча адбілася на ўраджайнасці капусты: штодзень мы закладваем на захоўванне да 110 тон качаноў. Такім чынам, нават паменшыўшы плошчы пад гэтую культуру яе валавы збор застанецца амаль на ўзроўні мінулага года. 


У ААТ “Васілішкі” таксама працягваецца копка морквы, пасевы якой сёлета ў гаспадарцы займаюць 10 гектараў. Убраць гэту культуру з палёў васілішкаўскім аграрыям дапамагаюць сезонныя работнікі раённага цэнтра занятасці. Сярод іх і жыхарка Шчучына Л.І. Ташкаджаева.
– Я ўжо другі год убіраю гародніну ў гэтай гаспадарцы і магу сказаць, што працоўны працэс тут арганізаваны на вышэйшым узроўні, – зазначае Лілія Іосіфаўна. – Нас, сезонных работнікаў, у 9.00 цэнтралізавана забіраюць з райцэнтра на аўтобусе і падвозяць прама ў поле, дзе мы і працуем амаль да 18.00. Потым такім жа чынам вяртаюць у Шчучын. У дзень зарабляем каля 16 рублёў. Пры жаданні можна забраць зарплату капустай, бульбай, морквай, цыбуляй і тым самым зрабіць запасы на зіму. 
Усяго на ўборцы гародніны ў ААТ “Васілішкі” задзейнічана прыкладна 60 чалавек і 8 адзінак тэхнікі. Завяршыць збор ураджаю тут плануюць да пачатку лістапада. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.