Свіслач сустрэне герояў жніва. Каля 180 лепшых працаўнікоў палей і ферм атрымаюць узнагароды на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2017»

ПА ПРАЦЫ І ПАШАНА 

Граматамі і грашовымі прэміямі будуць узнагароджаны пераможцы абласных спаборніцтваў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур, лёну, па нарыхтоўцы кармоў. Будуць адзначаны таксама пераможцы абласнога спаборніцтва за дасягненні высокіх паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі. Як паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, на свята запрошаны каля трыццаці ветэранаў працы, якія шмат гадоў аддалі сельскай гаспадарцы. Яны атрымаюць узнагароды ад Гродзенскага аграпрамысловага саюза. 

ГОРАД ХАРАШЭЕ 

Дэлегацыі з розных куткоў вобласці сустрэнуць на мяжы Свіслацкага раёна песнямі і караваямі. Госці прымуць удзел у адкрыцці шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі і трэнажорнай пляцоўкі ў гарадскім парку, барцоўскай залы ў 
спартыўнай школе, сімвала горада – графскага шпіля. 

У райцэнтры ўжо абноўлены фасады адміністрацыйных будынкаў, дамоў, гандлёвых аб’ектаў. Вядзецца рамонт Дома культуры, дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых працаўнікоў сяла. Дарэчы, у памяшканнях Дома культурыпасля рамонту размесціцца ЗАГС. 

КВЕТКІ ЎПРЫГОЖЫЛІ 

Прафсаюз работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў разам з упраўленнямі ЖКГ аблвыканкама правялі ў Свіслачы сёлетні конкурс прафесійнага майстэрства сярод рабочых зялёнага будаўніцтва «Дажынкi-2017». У ім прынялі ўдзел калектывы ЖКГ з розных раёнаў Гродзеншчыны і паказалі сваё майстэрства ў стварэнні кветкавых кампазіцый. Сямнаццаць жывых пано і тэматычных кампазіцый з кветак, дэкаратыўных раслін і кустоў з выкарыстаннем мармуровай крошкі, архітэктурных формаў атрымалі ў падарунак свіслаччане. 

ГОНКІ КВАДРАЦЫКЛАЎ І ПАЛЁТЫ НАД ГОРАДАМ 

Парад і гонка на пазадарожніках і квадрацыклах, паказальныя выступленні парашутыстаў, аглядныя палёты над горадам 
на верталёце – гэтыя і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы будуць арганізаваны на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі». 

Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама Ирына Паўлючэня, парад пазадарожнікаў і квадрацыклаў арганізуе ГА «ТРОФІ-клуб «Белавежскія зубры». Удзельнікі грамадскага аб’яднання, сярод якіх прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі, правядуць кальцавую гонку. Траса спаборніцтваў пройдзе праз Белавежскую пушчу. Экіпажы пераадолеюць лясныя і тарфяныя балоты, участкі гарыстай мясцовасці, меліярацыйныя каналы. Клуб таксама правядзе гульні-конкурсы на аўтатэматыку. 

Мінскі аэраклуб ДТСА-АФ арганізуе паказальныя выступленні парашутыстаў. Акрамя таго, для жадаючых прапануюць аглядныя палёты над горадам на верталёце МІ-2. 

Незабудуць і пра маленькіх удзельнікаў свята. Найбольш цікавай чакаецца інтэрактыўная гульня з гіганцкім робатам-трансформерам «Бамблби» 2,3 метра ў вышыню, які размаўляе і ходзіць. 

Таццяна АРКАДЗЬЕВА, "ГП".

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)