Сузор’е юных талентаў, тэхнічныя цуды, гасціннасць рабінзона і заплыў байдарачнікаў… Даведаліся, што адбывалася на моладзевых пляцоўках

 

Цікавая праграма разгарнулася сённяшнім святочным надвячоркам ля Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Аўтэнтычныя прыступкі велічнага палаца ператварыліся ў імправізаваную сцэну. Канцэрт выхаванцаў ПТДіМ “Мы дзеці сваёй краіны” ўразіў калейдаскопам талентаў і цудоўным рэпертуарам. Паапладзіраваць юным артыстам і ацаніць іх творчасць шчучынцы прыйшлі цэлымі сем’ямі.

 

 

 

Тым часам бліжэй да берагавой лініі возера разгарнулі свае пляцоўкі супрацоўнікі ДАІ і РАНС. Жадаючых запрашалі праверыць свае веды, рашаючы задачкі-“шаблоны” па правілах дарожнага руху, дэманстравалі магчымасці тэхнічных сродкаў, з дапамогай гульняў дзятве ненадакучліва напаміналі аб азах  бяспекі. Выратавальнікі ўручалі маляўнічыя памяткі, каб можна было замацаваць атрыманыя веды.

 

 

 

Цэлы турыстычны гарадок пад красамоўнай назвай “У гасцях у рабінзона” раскінуўся ля возера пад магутнымі кронамі дрэў. Самыя смелыя і спрытныя пераадольвалі этапы турысцкай паласы перашкод. Юныя гурткоўцы дапамагалі навічкам, падбадзёрвалі малышоў.

 

 

 

Як заўжды, здзіўлялі неардынарнымі канструктарскімі рашэннямі педагогі і выхаванцы цэнтра тэхнічнай творчасці. Робататэхніка, радыёўпраўляемыя мадэлі самалётаў у паветры і караблікаў на азёрнай гладзі выклікалі сапраўднае захапленне.

 

 

Надзвычай эфектным атрымаўся і паказальны заплыў байдарачнікаў – выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Прысутныя з задавальненне рабілі сэлфі і здымалі відэа. На пляцоўках, арганізаваных установамі адукацыі, дзяцей весялілі клоўны, была магчымасць праявіць сваё майстэрства пры гульні ў шашкі – словам, кожны тут знайшоў сабе занятак па душы.

 

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ,

фота аўтара. 

 

 

 

З першых вуснаў

 

 

Мы пацікавіліся ў прысутных на свяце, што для іх значыць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, і вось што пачулі ў адказ.

 

 

Людміла Антановіч – урач, мама дваіх дачушак:

-- У гэты дзень асабліва выразна адчуваеш гонар за сваю краіну – свабодную, суверэнную, дзе гаспадарамі з’яўляемся мы самі – грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Узгадваючы гісторыю і векапомную дату – 3 ліпеня 1944 года, сэрца перапаўняе ўдзячнасць нашым гераічным продкам за тое, што мы сёння маем магчымасць жыць пад мірным небам, выхоўваць дзяцей, быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Сёння ў канцэрце ўдзельнічала наша старэйшая дачушка Ксенія. Мы ўсёй сям’ёй прыйшлі яе падтрымаць. Гэта цудоўна, што ў Шчучыне ёсць такі палац, таленавітыя педагогі, трэнеры спартыўных секцый і дзецям ёсць дзе развівацца.

 

 

 

Сяргей Хільмановіч – вадзіцель:

 

-- Гэты дзень асаблівы, бо выклікае асацыяцыі з мінулай вайной, з вызваленнем ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сталіцы нашай дзяржавы – горада Мінска. У нашай сям’і жыве памяць пра дзеда Сцяпана, які вярнуўся з фронту ў ордэнах і медалях, але без нагі. Мы не павінны забываць горкія ўрокі гісторыі і паходжанне гэтай урачыстасці. Незалежнасць была заваявана дарагой цаной.

Сённяшняе свята такое яркае, такое мірнае. Гэта дарагога каштуе. Сёння на сцэне выступае наша дачушка Сафія. Напэўна, для нас гэта і ёсць самы яркі момант у сённяшнім дні.

 

 

 

 

 

 

Наталля Гарбіна – вучаніца СШ №3 г. Шчучына:

-- Я вельмі люблю гэты дзень, як і 9 Мая, з задавальненнем удзельнічаю ў мерапрыемствах, прысвечаных слаўным датам. Вось і сёння ў нас вельмі насычаная праграма. Ведаеце, перапаўняюць патрыятычныя пачуцці і гонар, што мы жывём у такой прыгожай краіне, дзе ў моладзі ёсць перспектывы. Я часта наведваю ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, па іх расказах ведаю, якія цяжкасці яны перажылі ў маладосці і разумею, як важна цаніць спакойнае, мірнае жыццё.

 

 

 

 

 

 

Сяргей Гедрэвіч – вадзіцель-міжнароднік:

-- Для мяне 3 ліпеня – гэта цудоўнае свята. А людзям святы вельмі патрэбны, мы засумавалі без такіх вось мерапрыемстваў – прыгожых, яркіх, песенных. І сёння з задавальненнем адпачываем усёй сям’ёй. З дзецьмі прыйшлі паапладзіраваць байдарачнікам, бо іх трэніруе … наша мама – Таццяна Іванаўна.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!