Сустрэча з Мельпаменай

У апошні час шчучынскім тэатралам, пэўна, грэх скардзіцца на недахоп падзей і ўражанняў. Вось і нядаўна на суд гледачоў быў прадстаўлены спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра “Некалькі пралётаў уверх”. Трагікамедыя ў двух частках у пастаноўцы рэжысёра Дзяніса Нупрэйчыка глядзелася на адным дыханні.

Тых, хто вырашыў далучыцца да прыгожага і прыйшоў на спектакль у Цэнтр культуры і народнай творчасці, чакаў сюрпрыз. У фае разгарнулася выстава графічных работ рэжысёра, сцэнарыста, акцёра тэатра і кіно Вячаслава Сікора, які, дарэчы, працуе ў Шчучынскім ЦКіНТ, але пры гэтым быў выканаўцам галоўнай ролі ў спектаклі Мінскага драмтэатра, дзе раней служыў. Цяпер шчучынцы могуць ацаніць яго і як мастака: выстава яшчэ будзе доўжыцца да сярэдзіны чэрвеня.

Бліскучым партнёрам у Вячаслава Сікора быў вядучы майстар сцэны Аляксей Карпец. Гучнымі апладысментамі за іскрамётны гумар і цудоўную ігру ўзнагароджвалі гледачы акцёраў Сяргея Карзея, Алену Рахмангулаву і іншых.  Як водзіцца, на сцэне бушавалі страсці: разгараліся канфлікты і палалі любоўныя пачуцці, вымалёўваліся характары і няпростыя жыццёвыя стасункі, кур’ёзныя сітуацыі межаваліся з трагічным надрывам у лёсах герояў.

Аб тым, што спектакль меў поспех, сведчылі і эмоцыі публікі, і кветкі для артыстаў, і ўхвальныя водгукі гледачоў. Ніхто не пашкадаваў, што ў гэты майскі вечар падарыў сабе культурны тур у тэатр. 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!