Пра “Чароўны куфэрак” і “Сонейкі”

На зімовых канікулах школьнікі Шчучыншчыны адпачывалі ў прышкольных аздараўленчых лагерах

– Мне вельмі падабаецца адпачываць у лагеры. – расказвае вучаніца 4 “Г” класа СШ №2 г. Шчучына Даша Касцюк. – Тут заўсёды можна заняцца нечым цікавым, прыняць удзел у самых разнастайных мерапрыемствах. Вось і сёння ў нашым “Чароўным куфэрку”, а менавіта так называецца лагер, цікава прайшоў Дзень сям’і. Некаторыя рабяты прынеслі фотаздымкі сваіх сем’яў, а я сваю намалявала, таму што вельмі люблю маляваць. Мы часта ходзім у бібліятэку, чытаю я з задавальненнем, а “Прыгоды Пінокіо” – мая самая любімая кніга. 

“Супергероі”, “Непаседы” і “Весельчакі” – 55 рабят з трох атрадаў сапраўды не сумавалі. У гэтым мы пераканаліся разам з вядучым спецыялістам прадстаўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Шчучынскім раёне Валянцінай Мікалаеўнай Ложэчнік, калі завіталі ў госці да школьнікаў. Мэта нашага візіту была адна – праверыць, як арганізаваны адпачынак дзяцей і іх харчаванне. І трэба сказаць, што ў другой гарадской школе педагогі зрабілі ўсё магчымае, каб падчас зімовых канікулаў вучні карысна правялі час і ўмацавалі здароўе. Заняткі па інтарэсах, гульнявыя праграмы, віктарыны, спартыўныя святы, экскурсіі, творчыя конкурсы, кіналекторыі, ярмаркі меркаванняў і многія іншыя мерапрыемствы прайшлі падчас зімовай змены. 


А ў Ражанкаўскім дзіцячым садку-сярэдняй школе на зімовых канікулах весела і ярка свяціла сваё асабістае “Сонейка” – аздараўленчы лагер, у якім адпачывалі 26 дзяцей. Чым жа на працягу сямі дзён займаліся тут рабяты? Яны вельмі цікава бавілі час. З задавальненнем наведвалі заняткі творчых майстэрняў “Наш атрадны куточак” і “Птушкін дом”, прымалі ўдзел у віктарынах, пабывалі на экскурсіі “Гісторыя Ражанкі”, у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі на тэатра­лізаваным прад­стаў­ленні “Навагодняя гісторыя ў казачным палацы”, правялі мікра­даследаванне “Мой рост і вага”, а яшчэ сустракаліся з урачом-педыятрам, малявалі, займаліся спортам... Ды хіба пералічыш усе цікавыя мерапрыемствы, якія прайшлі ў лагеры! 
Трэба адзначыць, што не толькі пра адпачынак дзяцей паклапаціліся дарослыя. У школе панавала сапраўдная святочная навагодняя атмасфера, якую стваралі незвычайныя кампазіцыі. Па-асобаму – яркімі чырвонымі бантамі і рознакаляровымі гірляндамі – была ўпрыгожана і навагодняя ёлка. Крэатыўных ідэй педагогам школы не займаць!
Вучняў Орлеўскага дз/с-СШ – наведвальнікаў аздараўленчага лагера “Сонейка”– у школе мы не засталі. Дзятва адпачывала ў мясцовым Доме культуры – прымала ўдзел у Калядных сустрэчах. Пакуль мы знаёміліся з умовамі адпачынку, дзеці вярнуліся ў школу і адразу накіраваліся ў спартыўную залу, каб прымаць удзел у чарговым мерапрыемстве. 
– Я вучуся ў СШ №3 г. Шчучына, а ў Орлі жыве мая бабуля, і сюды я прыязджаю на канікулы, – расказвае трэцякласнік Аляксей Апановіч. – Таму я вырашыў запісацца ў аздараўленчы лагер Орлеўскай школы. Хачу сказаць, што мне тут вельмі падабаецца. Многа цікавых мерапрыемстваў, можна з карысцю правесці вольны час, а таксама пагуляць у тэніс – маю любімую гульню. 
З Аляксеем згодны і астатнія больш чым дваццаць школьнікаў – у лагеры кожны мог знайсці сабе занятак па душы.
– Трэба сказаць, што ў гэтых установах адукацыі няма сур’ёзных заўваг і па арганізацыі харчавання школьнікаў: прадукты свежыя, тэхналогія прыгатавання страў захоўваецца, порцыі – належнай вагі, – падвяла вынікі паездкі Валянціна Мікалаеўна. – Для дзяцей пэўнага ўзросту арганізаваны дзённы сон, для ўсіх рабят праводзяцца цікавыя мерапрыемствы. Дарослыя зрабілі ўсё магчымае, каб і за гэтыя сем дзён хлопчыкі і дзяўчынкі добра адпачылі. 
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.