Аб чым гавораць экспанаты, або Як першамайскія краязнаўцы музей стваралі

35 гадоў назад у Першамайскай сярэдняй школе быў  адкрыты  гісторыка-краязнаўчы музей рэгіёна, аднак значнасць экспанатаў выходзіць далёка за геаграфічныя межы cельсавета. У гэтым – яго ўнікальнасць. 
У дзень юбілею мы вырашылі яшчэ раз наведаць Першамайскі музей, прайсціся па яго пакоях і адчуць той самы подых гісторыі.

Гартаючы старонкі гісторыі 
У 1980 годзе на адным з заняткаў гуртка “Юны краязнавец” вучні так захапіліся гісторыяй дзейнасці партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады імя Ленінскага камсамола, які дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі цяперашняга Першамайскага сельсавета, што вырашылі ўсур’ёз заняцца вывучэннем і  захаваннем  гісторыі  роднага  краю, адраджэннем і зберажэннем матэрыяльнай, духоўнай і культурнай спадчыны. Ідэю падтрымала тагачасны настаўнік гісторыі Людміла Канстанцінаўна Антухевіч. Так, дзякуючы агульным намаганням, 22 красавіка  1982 года ўпершыню свае дзверы адчыніў Першамайскі гісторыка-краязнаўчы музей. У хуткім часе ён стаў сапраўдным цэнтрам грамадска-патрыятычнага выхавання маладога пакалення. 
Пра дзень сённяшні 
Сёння захавальніцай школьнага музея з’яўляецца настаўніца Зінаіда Пятроўна Ерэміновіч, якая на працягу вось ужо 9 гадоў сумесна з саветам музея праводзіць работу па вывучэнні роднага краю, накапленні краязнаўчага матэрыялу, правядзенні вучэбных і пазапраграмных экскурсій. Нягледзячы на тое, што экспазіцыя па-ранейшаму складаецца з 5 асноўных  раздзелаў, змест іх значна пашырыўся. Кожны год музей папаўняецца новымі экспанатамі, і  сёння  яго фонды складаюць больш за 2500 адзінак. І хоць экскурсіі для наведвальнікаў заўсёды праводзяць старшакласнікі, у гэты юбілейны для музея дзень Зінаіда Пятроўна з радасцю згадзілася стаць гідам і правесці па пакоях музея, расказаць пра мінулае і падзяліцца планамі на перспектыву.


Нам рэчы раскажуць аб мінулым
З першых крокаў па музеі трапляеш у таямнічы свет прыроды: кампазіцыі з прыродных матэрыялаў, гарманічна злучаныя з фоташпалерамі, мноства чучалаў птушак, звяроў, драўляных скульптур. Усё гэта стварае атмасферу жывой прыроды, нібыта знаходзішся на ўскрайку лесу. Зінаіда Пятроўна апавядае аб азёрах і рэчках, запаведніках і проста прыгожых мясцінах нашай сінявокай Беларусі, з асаблівай цікавасцю – аб рэспубліканскім заказніку “Котра”, які размешчаны на тэрыторыі Першамайскага і Астрынскага сельсаветаў. 
– Гэта план-схема экалагічнай сцяжыны, прайшоўшы па якой кожны чалавек яшчэ раз убачыць багацці роднага краю, – прадугадвае маё пытанне экскурсавод. – Мэта яе стварэння – вывучыць рознабаковасць прыродных ландшафтаў у ваколіцах Першамайска. 
Ёсць чаму падзівіцца і ў пакоі “Мінулае нашага краю”. Тут абсталяваны макет сялянскай хаты памерам 3 на 4 метры. Зойдзем? Інтэр’ер хаты небагаты: невялікі ложак, лава, печ, стары табурэт, куфар, на стол льецца цьмянае святло лучыны. Самае дарагое ў гэтым доме – дзіця: яно спіць у калысцы…


Адметна, што прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, вопратку, посуд сабралі падчас этнаграфічных экспедыцый вучні школы. Ёсць у гэтым пакоі цікавыя прадметы з бяросты і лазы: плеценыя кошыкі, лапці і іншае. Затрымлівае погляд наведвальнікаў нацыянальная вышыванка, прыгажосць якой надаюць не толькі арыгінальна і таленавіта выкананыя малюнкі, але і багатая расфарбоўка, характэрная для нацыянальнай вышыванкі. 
Прывабліваюць увагу гасцей музея і кросны XIX стагоддзя, якія займаюць цэнтральнае месца ў экспазіцыі, выклікаючы пытанні ў наведвальнікаў-вучняў: а што гэта? А для чаго? На кроснах раней жанчыны ткалі прыгожыя дываны, ходнікі, ручнікі, паясы і іншыя вырабы. Гэта была цяжкая і карпатлівая праца, якая патрабавала не толькі цярпення, але і ўмення скласці прыгожы ўзор, падабраць фарбы па густу. 
 – А вось тут вырабы нашага мясцовага ганчара Уладзіслава Іванавіча Матыяшчыка, – просіць звярнуць увагу захавальніца музея. – Пасля сябе ён пакінуў цэлую калекцыю разнастайных збаноў і гарлачоў, якія вырабляліся на ганчарным крузе. Дарэчы, прадметы народнага побыту – частка этнакультуры, – працягвае Зінаіда Пятроўна. – Менавіта ў ёй – адметнасць народа. Не зможа вырасці сапраўдны грамадзянін Беларусі, які не ведае гісторыі сваёй краіны. І школьных урокаў гісторыі, нават суперсучасных, для гэтага недастаткова. Тут на дапамогу прыйдзе музей. 
Яны змагаліся за Радзіму
Уся работа Першамайскага музея накіравана на тое, каб выхаваць нашых дзяцей актыўнымі, працалюбівымі людзьмі, заўсёды гатовымі стаць на абарону сваёй Айчыны. Тут сабраны змястоўны матэрыял аб ветэранах партызанскага атрада імя Катоўскага, у свой час не раз адбываліся сустрэчы з камандзірам атрада Іванам Раманавічам Еўдакімавым, сувязной Зояй Канстанцінаўнай Будзько, партызанамі Мікалаем Іванавічам Грымутам, Cяргеем Осіпавічам Будзько, Сямёнам Сцяпанавічам Зеркіным. 
Першамайцы памятаюць усіх 145 землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У зале “Вялікая Айчынная вайна” аформлены стэнд “Яны змагаліся за Радзіму”, запісаны іх біяграфіі, успаміны. Асобныя стэнды хвалююча апавядаюць пра лёсы 147 жыхароў вёскі Агародзішча, якія 26 лютага 1943 года былі спалены нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На месцы былой вёскі Агародзішча стаіць помнік-сімвал непакоранай волі яе жыхароў. Падчас экскурсій у зале “Вялікая Айчынная вайна” памяць аб героях ушаноўваецца хвілінай маўчання.
Саветам музея вядзецца пошук родных Алены Палтарацкай, якая была расстраляна акупантамі разам з Таццянай Пашынскай за сувязь з партызанамі ў лютым 1943-га. Разам з імі ад рук фашыстаў загінулі яшчэ 7 жыхароў вёскі Кузьмінкі, дзе і былі захаваны ахвяры гэтай карнай аперацыі. У 1978 годзе іх астанкі перазахаваны ў скверы аграгарадка Першамайск, на брацкай магіле ўстаноўлен помнік.
 – Трагічны лёс Таццяны Пашынскай.., – трымае ў руках пісьмы дзяўчыны Зінаіда Пятроўна. – Колькі іх, такіх самотных лёсаў?! Гэтыя пісьмы прыадкрываюць багаты духоўны свет Таццяны, яе жыццялюбства, уменне мужна пераадольваць цяжкасці.


“Прывітанне” ад… савецкіх школьнікаў 
У адной з залаў музея сабраны матэрыял па гісторыі развіцця Першамайскага сельсавета, паходжання назваў вёсак. Жывыя і трапяткія ў музеі старонкі Першамайскай сярэдняй школы. Вось тут створаны куток, які адлюстроўвае жыццё піянерскай дружыны школы, якая носіць імя піянера-героя Паўліка Марозава. А гэта школьная форма, якую раней насілі вучні, падручнікі, якімі карысталася не адно пакаленне першамайцаў. Ёсць нават сапраўдны рарытэт – падручнік геаграфіі 1896 года выдання. І яшчэ драўляная сумка, з якой раней хадзілі ў школу і лічылі за шчасце, драўляныя цыркулі, чарнільніца-непралівайка, ручка з пяром, якая называлася “звёздачка”…
Без мінулага няма будучыні 
За дзве гадзіны знаходжання ў музеі злавіў сябе на думцы: як цудоўна, што на нашай зямлі ёсць такія неабыякавыя, апантаныя і энергічныя людзі, як Зінаіда Пятроўна Ерэміновіч. Заўсёды ў руху, пошуку, з ідэямі і верай у іх ажыццяўленне. Сёння яна думае аб правядзенні ў музеі рамонтных работ, абнаўленні і папаўненні некаторых экспазіцый, стварэнні яшчэ адной – шостай залы, якую збіраецца прысвяціць пісьменнікам-землякам і вядомым людзям першамайскай зямлі, хто тут нарадзіўся і сваім талентам і працай яе праслаўляе. 
Зразумела адно, гісторыка-краязнаўчы музей вельмі дарагі для школы. Маладому пакаленню ён наглядна дэманструе “справы даўно мінулых дзён”, быт і заняткі нашых продкаў. А ў сваю чаргу вучні ўпэўніваюцца, што без ведання мінулага няма будучыні.
Я пакідаў музей з думкай аб тым, што прыеду сюды яшчэ не раз, каб адчуць подых даўніны і дакрануцца да гісторыі гэтага маляўнічага краю.
Сяргей КАСПЯРЧУК.

Средняя: 5 (1 оценка)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)