Студэнт аднавіў стары грузавік

 і нараўне з вопытнымі вадзіцелямі перавозіць з палеткаў сабраны ўраджай

– На новенькай машыне працуеце? – наіўна спытала я ў вадзіцеля ззяючага свежымі фарбамі грузавіка, што пад’ехаў да камбайна ў поле, каб напоўніць кузаў залатым зернем.
Бачылі б вы, якой задаволенай усмешкай асвяціўся твар Сяргея Ляпешы.

– Наадварот, машына была ўжо “адной нагой” у металаломе, а мне ўдалося яе вярнуць у строй. Цэлы месяц перабіраў рухавік, усе вузлы і агрэгаты, сам фарбаваў, паспяхова прайшоў тэхнічны агляд і вось цяпер мой ГАЗ-53 усё жніво спраўна працуе і выглядае, як новенькі.
Цікавінка яшчэ і ў тым, што Сяргей – працаўнік сезонны. Увогуле ён студэнт-пяцікурснік аграмеханічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, аднак кожныя канікулы, прыязджаючы з Мінска дамоў, спяшаецца на падмогу роднай гаспадарцы – “Жалудоцкаму агракомплексу”. Між іншым, у гэтым жа філіяле агракамбіната “Скідзельскі” працуюць і Сяргеевы бацькі. Тата, Антон Браніслававіч Ляпеша, – вадзіцель малакавоза, а мама, Зоя Мар’янаўна, – бухгалтар. 
– Цудоўная сям’я, адказныя работнікі. І сына добрага ды працавітага выхавалі, – гавораць у сельгасарганізацыі пра гэтых людзей.
 – Ды такога работніка, як Сяргей Ляпеша – дысцыплінаванага, адказнага, кемлівага – яшчэ пашукаць трэба! – не хавае эмоцый загадчык гаражоў Д.А. Галабурда. – Не паверыце, машына 1984 года выпуску, ні адзін дзясятак гадоў адслужыла верай і праўдай, а малады чалавек ёй яшчэ адно жыццё падарыў. Добры інжынер з яго атрымаецца. Дый вадзіцель выдатны: на ўборцы ўраджаю перавёз 910 тон збожжа і рапсу.
У гэтыя дні Сяргей Ляпеша разам з таварышамі па працы знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Мастоўскім раёне. Жалудчане завяршылі ўборку зерневых і адправіліся дапамагаюць філіялу “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”. Што называецца, ведай нашых!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!