Студатрадаўскі рух – для актыўнай моладзі

Кожны з нас хоць аднойчы, але пабываў у студэнцкім атрадзе. Мы хацелі атрымаць прафесійныя і камандныя навыкі, зарабіць уласныя грошы. Памятаю, як працавала ў сваім школьным студатрадзе. Мы дапамагалі, чым маглі: выносілі смецце, фарбавалі школьную мэблю, рыхтавалі пад фарбаванне сцены… Ах, які дарагі быў той першы зароблены ўласны рубель! Пераканана, што і вы прыгадалі працу ў сваіх атрадах. 

Студатрадам быць!
– Студэнцкія атрады былі для многіх пакаленняў сапраўднай школай грамадзянскай сталасці, – гаворыць першы сакратар РК БРСМ Алена Славаміраўна Богдзель. – Не выпадкова студатрадаўскі рух – адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь” ад 16.04.2012г. №181 значна пашырыў магчымасці развіцця гэтага працоўнага руху. Пачынаючы з 2003 года, студатрадаўскі рух усімі відамі другаснай працоўнай занятасці аб’яднаў больш за 975 тысяч маладых людзей. Сёння беларускія студэнцкія атрады працуюць на рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, школ і дзіцячых садкоў, спартыўных комплексаў, жылых дамоў па ўсёй краіне, убіраюць ураджай, выхоўваюць дзяцей у дзіцячых аздараўленчых лагерах. Часовае працаўладкаванне ў складзе студэнцкіх атрадаў вырашае не толькі матэрыяльныя інтарэсы маладых людзей, але і павышае сацыяльную актыўнасць моладзі, стварае ўмовы для грамадска-карыснай дзейнасці, а яшчэ мае вялікае выхаваўчае значэнне.

 
1000 працавітых рук
На Шчучыншчыне праца па арганізацыі другаснай занятасці маладых людзей заўсёды вялася актыўна. Гэты год не стаў выключэннем. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна стала магчымым часова працаўладкаваць ажно 500 чалавек. Шчучынскім раённым штабам студэнцкіх атрадаў ГА “БРСМ” у 2017 годзе заключана 22 дагаворы на розныя віды работ. На падставе пастаноў бюро Шчучынскага РК ГА “БРСМ” па ўсіх заключаных дагаворах сфарміравана 28 студэнцкіх атрадаў: 4 будаўнічыя, 22 сельскагаспадарчыя і 2 экалагічныя. 

З чаго пачынаецца студатрад?
Па-за кадрам застаюцца ўсе падрыхтоўчыя работы. А іх нямала. 
– Падрыхтоўка да працоўнага семестра традыцыйна пачынаецца практычна з пачатку года, – расказвае А.С. Богдзель. – Мы накіроўваем запыты да наймальнікаў аб наяўнасці вакансій для студэнцкіх атрадаў. Далей – тэлефонныя перагаворы, асабістыя сустрэчы. Улічваюцца і пажаданні моладзі. Мы сустракаемся з юнакамі і дзяўчатамі, пасля чаго ўсе жадаючыя папрацаваць летам запаўняюць анкеты. Такім чынам ствараецца база “патэнцыйных працаўнікоў”. Далей – этап падпісання дагавораў з удакладненнем усіх нюансаў: віды, аб’ёмы, аб’екты, тэрміны, колькасць чалавек, працягласць працоўнага дня, узрост, умовы падвозу, парадак разлікаў, сацыяльныя гарантыі і іншае. Усе заключаныя дамовы – двухбаковыя, таму ўтрымліваюць правы і абавязкі ўсіх бакоў.
І на гэтым, як аказалася, праца не спыняецца. Далей праводзіцца работа па фарміраванні студэнцкіх атрадаў. Моладзь таксама не бяздзейнічае, а актыўна збірае ўсе неабходныя дакументы. Не абыходзіцца без першага арганізацыйнага сходу атрада, на якім даводзіцца інфармацыя аб відах, аб’ёмах работ, парадку разлікаў, аб правілах бяспечных паводзін, выбіраюцца камандзір і камісар, распрацоўваецца план мерапрыемстваў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце з членамі студатрада і іншае. А потым… Потым – прывітанне, працоўныя будні!


Не хлебам адзіным… 
Не раз мы наведвалі студатрады па месцы працы і расказвалі вам, паважаныя чытачы, як можна з карысцю правесці лета. Мы пераконваліся, што для маладых людзей былі створаны ўсе належныя ўмовы для працы, быту і адпачынку. Ну дзе ж вы бачылі, каб моладзь толькі працавала? Спаборніцтвы, конкурсы, экскурсіі, трэнінгі, сустрэчы – у юнакоў і дзяўчат кожная хвіліна бавіцца з карысцю! 
У перыяд працоўнага семестра не ўпускаюцца з поля зроку і пытанні бяспекі. Яны стаяць на кантролі ўсіх зацікаўленых службаў, ведамстваў і грамадскіх аб’яднанняў. 
– Да пытанняў аховы працы падчас маладзёжнага працоўнага семестра мы падыходзім вельмі сур’ёзна, – гаворыць Алена Славаміраўна. – Можа таму і праходзіць працоўны семестр без праблем.
Папрацавалі на славу!
Працоўны семестр-2017 паспяхова скончыўся. Адметна, што сёлета нашы рабяты працавалі не толькі летам, але і восенню. Безумоўна, пасля школьных заняткаў гэта не так і лёгка, аднак жадаючыя папоўніць уласны кашалёк адразу знайшліся. РК БРСМ, канечне ж, пайшоў насустрач такому жаданню, як і кіраўніцтва РУП ЖКГ.
Практыка работы са студэнцкімі атрадамі існуе ўжо не першы год на розных прадпрыемствах нашага раёна. Такое супрацоўніцтва карыснае для абодвух бакоў. Дыпламаваныя будаўнікі, прарабы і інжынеры, настаўнікі ў будучым, з задавальненнем становяцца простымі падсобнымі рабочымі. Усё для таго, каб назапасіць вопыт і практычныя веды. Юнакі і дзяўчаты імкнуцца ўсяму навучыцца і ва ўсім разабрацца, таму стараюцца выконваюць усе заданні адказна. Кіраўнікі прадпрыемстваў ініцыятыву падтрым­лі­ваюць: не бывае лішніх рабочых рук.
– Мы вельмі ўдзячны кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна за аказанне дапамогі ў арганізацыі другаснай занятасці моладзі, – гаворыць А.С. Богдзель. – Сёлета моцнае сяброўскае плячо нам падставілі ДЛГУ “Шчучынскі лясгас”, РУП ЖКГ, ААТ “Шчучынаграпрадукт”, ААТ “Дэмбрава”, ААТ “Васілішкі”, філіял “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агра­камбінат ”Скідзельскі”, ААТ “АграГЖС”, ААТ “Орля”, ААТ “Першамайск-агра”, КСУП “Саўгас” Вялікае Мажэйкава”, Шчучынскае ПМС, РУНП “Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі”, СПУ “Пратасаўшчына” і СТАА “Клубніка Плантс”.
Студэнцкі атрад нельга ўспрымаць, як адну толькі магчымасць заробку. Гэта не толькі зарплата, але таксама адпачынак, выхаванне калектывам, паходы, песні, сяброўства… Пакуль усё гэта ёсць, студатрад будзе запатрабаваны. Нельга страціць гэту рамантыку. 
Студатрадаўскі рух набірае абароты і дае моладзі ўпэўненасць у сваіх сілах. А што яшчэ трэба для высокага старту? 
Ганна КАСПЕР.

У тэму 
Сяргей Васільевіч ЛОЖЭЧНІК, старшыня Шчучынскага райвыканкама: 
– Прыярытэты ў дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы на працягу апошняга дзесяцігоддзя застаюцца нязменнымі: атрыманне якаснай адукацыі і падтрымка адоранай і таленавітай моладзі, сацыяльная падтрымка маладых сем’яў і многае іншае. Асаблівая ўвага надаецца працаўладкаванню і часовай працоўнай занятасці маладых людзей. Найбольш эфектыўная форма работы, якая дазваляе сумясціць адпачынак і працоўную дзейнасць, – студатрадаўскі рух, які апошнія гады актывізаваўся на Шчучыншчыне. Толькі сёлета было часова працаўладкавана 500 юнакоў і дзяўчат! Лічба вельмі сімвалічная, калі ўлічыць, што нядаўна мы адзначылі 500-годдзе з дня першага ўпамінання Шчучына ў гістарычных крыніцах. 
Наша моладзь прымала ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў. Былі задзейнічаны юнакі і дзяўчаты і на палявых работах у сельскагаспадарчых арганізацыях.
 Калі ў маладых людзей ёсць жаданне працаваць, спасцігаць на практыцы азы сваёй будучай прафесіі, назапашваць вопыт, то наша задача – максімальна дапамагчы ім у гэтым, і тым самым выхаваць новае пакаленне прафесіяналаў сваёй справы. 

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)