Стаўка на прафесіяналізм

Для шчучынскіх жывёлаводаў мінулы год прайшоў плённа: колькасць кароў павялічана на 319 галоў і склала 18709 галоў. Сярэдні ўдой малака на адну карову вырас на 71 кілаграм і дасягнуў 6142 кілаграмы. Усяго ў 2017 годзе было надоена 114439 тон малака – 103% да ўзроўню 2016 года. Найбольш высокіх паказчыкаў дабіліся жывёлаводы філіяла «Жалудоцкі агракомплекс» на малочнатаварнай ферме «Саваўшчына». Жывёлаводы гэтай малочнатаварнай фермы ўпэўнена лідзіруюць у працоўным спаборніцтве: удой на адну карову тут склаў 7877 кілаграмаў малака, якое было прададзена вышэйшым гатункам.

Да такога рэкорду дружны калектыў жывёлаводаў ішоў на працягу апошніх гадоў. У чым прычына поспеху? Адказныя спецыялісты і самае галоўнае – жаданне як след працаваць кожнага з 20 членаў калектыву. 
– Якой бы сучаснай ні была тэхніка на жывёлагадоўчых фермах, канчатковы вынік працы ўсё роўна залежыць ад чалавека, ад яго адказнасці і працавітасці, – перакананы загадчык МТФ “Саваўшчына” Анатолій Адольфавіч Сіпайла. – Вельмі важна, каб да работы ляжала душа. У нашых спецыялістаў ёсць жаданне працаваць – і гэта галоўнае!
Зараз на ферме ўтрымліваецца звыш 500 галоў статка,180 з якіх – дойнага. Кармоў належнай якасці хапае.

Вядома ж, за жывёлай патрэбны належны догляд. На МТФ “Саваўшчына” працуюць работнікі з сур’ёзным стажам. За рагулямі сочаць дзве вопытныя даяркі – Аліна Казіміраўна Марцінкевіч і Таццяна Станіславаўна Бурак. За кожнай замацаваная група кароў, іх жанчыны ведаюць не толькі па мянушках, але па звычках, характары. Два лідары ў адным калектыве па-сяброўску, шчыра і адказна ставяцца да сваіх абавязкаў. Аліна Казіміраўна Марцінкевіч летась надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 7931 кілаграму малака, Таццяна Станіславаўна Бурак – 7851 кілаграм. Ёсць на ферме і падменная даярка – Валянціна Аляксандраўна Ханько, якая таксама старанна выконвае свае абавязкі. 


Якасць малака – пытанне першараднай важнасці, гэта добра ведае лабарант Антаніна Іванаўна Корка, якая не першы год працуе на МТФ “Саваўшчына” . Здароўе рагуль трымае на кантролі ветфельчар Алег Віктаравіч Галабурда. Старанна працуюць пастухі Станіслаў Генадзьевіч Бернат і Уладзімір Станіслававіч Урбановіч, слесар Васілій Іванавіч Здановіч, даглядчыкі Антон Яўгеньевіч Красочка і Казімір Яўгеньевіч Ханько і многія іншыя. Працы хапае на ўсіх. 
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!