Стараста вёскі Барташы Шчучынскага сельскага Савета адзін з лепшых сярод стараст населеных пунктаў  вобласці

Вынікі абласнога агляда-конкурсу сярод органаў мясцовага самакіравання падвяла Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Стараста вёскі Барташы Шчучынскага сельскага Савета адзін з лепшых сярод стараст населеных пунктаў  вобласці.

Станіслаў Іванавіч Астаповіч – намеснік дырэктара ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Да прызначэння на гэту пасаду доўгі час працаваў  загадчыкам участка, мае багаты прафесійны і жыццёвы вопыт. Павышэнне па службе не зрабіла гэтага чалавека менш даступным для людзей, зазначаюць яго землякі. Пацвярджае гэта і старшыня Шчучынскага сельвыканкама С.Я. Возны. “Станіслаў Іванавіч – стараста вёскі, дэпутат нашага сельскага Савета па Барташоўскай выбарчай акрузе. Ён адклікаецца на любую просьбу, падтрымлівае добрыя ініцыятывы. Многія пытанні жыццядзейнасці насельніцтва вырашаюцца пры яго непасрэдным удзеле і з яго дапамогай”, – падкрэслівае кіраўнік органа ўлады пярвічнага ўзроўню.

Работа на зямлі – стыхія Станіслава Іванавіча Астаповіча. Нарадзіўся і вырас ён у вёсцы Лагады. І прафесію выбраў што ні на ёсць зямную – агранома. Скончыў тэхнікум у Навагрудку, пазней без адрыву ад вытворчасці – Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Па волі лёсу ўся працоўная дзейнасць Станіслава Іванавіча, а гэта звыш 20 год, звязана са “Шчучынаграпрадуктам”. Ён шчыра палюбіў гэту старонку, зрадніўся і з арганізацыяй, і з людзьмі. 
Жыве сям’я Астаповічаў у Барташах. Дарэчы, у гэтых прыгожых мясцінах аселі яны 17 год таму. Не дзіва, што жыхары вёскі, з якімі Станіслаў Іванавіч ходзіць па адной вуліцы і якім штораніцы жадае добрага дня,  лічаць дэпутата “сваім чалавекам” і... прадстаўніком уласных інтарэсаў у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Зрэшты, у такім “статусе” успрымаюць яго і жыхары іншых вёсак, якія некалькі скліканняў называлі гэтага чалавека народным абраннікам, ацаніўшы яго адкрытасць і спагадлівасць, кампетэнтнасць і дзелавітасць. 
Адрасоў прыкладання сіл многа. Гэта і знос старых дамоў у населеных пунктах і на хутарах, і дастаўка дроў адзінокім і адзінока пражываючым вяскоўцам, людзям з інваліднасцю. Па словах старшыні сельвыканкама С.Я. Вознага, аднаго звароту да Станіслава Іванавіча дастаткова, каб была летам “выгладжана”, а зімой расчышчана ад снегу дарога да аддаленай сядзібы-хутара. А па восені стартуе традыцыйная бульбяная акцыя: гаспадарка выдзяляе бясплатна па дзвесце кілаграмаў бульбы людзям, якія жывуць адны і не маюць прысядзібнага ўчастка ці сіл для вырошчвання гэтай культуры. Менавіта Астаповіч уважліва курыруе гэты працэс. А таксама трымае ў полі зроку пытанні пасадкі бульбы на “сотках”, забеспячэння кармамі жывёлы, якая ўтрымліваецца на падворках мясцовых жыхароў. Сена і салома дастаўляюцца бясплатна і, што называецца, акурат да хлява. У гэтым і ёсць жывы кантакт з людзьмі, якія цябе абралі дэпутатам, лічыць Станіслаў Іванавіч.
Чалавек жыве не толькі матэрыяльнымі дабротамі. Вось і жыхары Барташоў адчувалі патрэбу прывесці ў належны выгляд, дастойны памяці іх продкаў, мясцовыя могілкі. Сабралі грошы, падключыўшы да гэтага землякоў, якія цяпер жывуць далёка ад бацькаўшчыны. У выніку былі праведзены работы па ачыстцы месца спачыну, вывезены рэшткі расліннасці, частка тэрыторыі агароджана. А цяпер работнікі ААТ “Шчучынаграпрадукт” завяршаюць тут устаноўку жалезабетоннай агароджы.
– Чым можам, тым дапамагаем, – гаворыць Станіслаў Іванавіч пра пазіцыю акцыянернага таварыства і сваю асабістую ў адносінах да праблем і клопатаў людзей. Жаданне зрабіць жыццё землякоў яшчэ лепшым заўжды прысутнічае ў сэрцы гэтага незаспакоенага і неабыякавага чалавека, дастойнага дэпутатам звацца.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)