Слова маюць пісьменнікі

У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылася творчая сустрэча-прэзентацыя кніг паэта Рычарда Бялячыца, выпушчаных у гэтым годзе, – зборніка вершаў «Непазбежнае» і кнігі прозы «Са мной мой дзень».

Мне пашанцавала: атры­мала кнігі з аўто­графам аўтара і запрашэнне на свята. З першай да апошняй хвіліны мерапрыемства ў запоўненай зале палаца панавала творчая атмасфера. У ролі вядучага выступіў сам Рычард Станіслававіч, які адкрыў урачыстасць словамі: «Вы прыйшлі, і я адбыўся. Вы са мной, і я жывы». Пісьменнікі і літаратуразнаўцы з Гродна – Ала Петрушкевіч, Юрка Голуб, Валянцін Дубатоўка, Ала Нікіпорчык, Янка Трацяк – у сваіх выступах прасачылі творчы шлях паэта-шчучынца, дзяліліся ўражаннямі ад сяброўства з ім на працягу многіх гадоў. Паэтычная атмасфера трымалася на радках Рычарда Бялячыца, якія выдатна прачыталі навучэнцы студыі «Эцюд» палаца творчасці. Душэўна, пранікнёна на фоне класічнай музыкі гучалі лірычныя замалёўкі з кнігі «Са мной мой дзень» у выкананні таленавітай Наталлі Собаль. Арыгінальна ўпісаліся ў праграму сустрэчы-прэзентацыі Надзея Санько, папулярная выканаўца ўзорнай студыі «Апрель» пад кіраўніцтвам Святланы Іванаўны Аляксеевай, і гітарысты ансамбля «Акорд», якім кіруе Святлана Віктараўна Ткачук.


– А зараз песню «Васількі» выканае Алёна Гудзіновіч, – аб’явіў Рычард Бялячыц і расказаў пра сваю колішнюю вучаніцу колішняй Дудкоўскай школы, установы, якой ён прысвяціў чвэрць стагоддзя. Песенная зорка маладога юрыста аддзела адукацыі толькі ўзыходзіць, і адчуваецца, што Алёна яшчэ парадуе шчучынскі край каларытным, багатым тэмбравай афарбоўкай голасам. 
Таксама нечакана прагучала аб’ява, што слова мае член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, гродзенскі вучоны-біяхімік, прафесар Андрэй Майсяёнак. Даўнія сяброўскія сувязі паэта і знакамітага вучонага трымаюцца на цікавасці да гісторыі і мінулага нашага краю. Андрэй Георгіевіч прызнаўся, што асабліва дарагі для яго «Котранскі нераст» Р. Бялячыца, і што мяркуецца перавыданне тапанімічнага аповеда.

Крыху больш за гадзіну доўжылася імпрэза, а запомніцца, несумненна, надоўга. Душэўную асалоду атрымалі ўдзельнікі свята розных узростаў і прафесій. Спадабалася дынамічная, цікавая і ёмкая арганізацыя свята, вельмі арганічным, блізкім і зразумелым быў Рычард Бялячыц, які выдатна адчуваў неаднародную шматлікую аўдыторыю. І як прызнанне, былі, вядома, фота- і аўтографсесіі, узаемныя падарункі, у руках паэта красаваліся чырвоныя і белыя ружы. Гасцям ён падараваў унікальны дыск мулявінскіх «Песняроў», выпушчаны напрыканцы мінулага стагоддзя да аднаго з юбілеяў славутага ансамбля.
Прысутныя з задавальненнем прынялі паведамленне пісьменніцкага «начальства», што зусім хутка прэзентацыя мае адбыцца яшчэ раз, цяпер ужо ў Гродне. Запрашэнне на яе тут жа атрымалі педагогі і выхаванцы палаца творчасці.
Ірына ГУДАЧ, бібліятэкар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.
Фота Людмілы НЕМНА.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!