Скарбніца талентаў

Як ператварыць простыя рэчы ў шэдэўры? Гэта дакладна ведаюць майстры аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ

Пераканана, што многія ўжо ацанілі прыгожа аформленую вітрыну ля ўваходу ў РЦКіНТ. Снежныя бабы, прыгожыя цацкі – сапраўдная казка за шклом. Размалявала вітрыну мастак Ала Раманчык, а вось стварылі ўсю прыгажосць супрацоўніцы аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва. 

Як трапляеш у госці да гэтых дзяўчат, разумееш, што яны – людзі сапраўды творчыя. На сталах самыя розныя рэчы: тканіна, папера, бісер, дошчачкі, фарбы, ніткі ды іголкі. З кожнай, нават самай звычайнай рэчы, як аказалася, можна стварыць прыгожую цацку або сувенір, варта толькі ўключыць фантазію. 


– Калі ў адной з нас з’яўляецца ідэя, мы падхопліваем яе, дапрацоўваем, –расказвае загадчык аддзела Ірына Хвайніцкая. – У выніку атрымліваецца штосьці неверагодна прыгожае. 
Дарэчы, сама Ірына – мастак. Яна піша вельмі прыгожыя карціны, размалёўвае дошчачкі, шые. 
Радуецца кіраўнік, што калектыў падабраўся вельмі дружны. У наступным годзе аддзел рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва адзначыць сваё 20-годдзе. На працягу ўсяго гэтага часу ён аб’ядноўвае захопленых і творчых людзей, якія адраджаюць народныя традыцыі.
 – Наша мэта – захаванне і развіццё традыцыйных беларускіх рамёстваў, – гаворыць Ірына Хвайніцкая. – У нас дзейнічаюць разнастайныя гурткі, дзе спецыялісты далучаюць да творчасці хлопчыкаў і дзяўчынак. Рабяты пачынаюць з простых аплікацый, цацак, а затым пераходзяць да аб’ёмных формаў: майструюць вазы, куфэркі і іншае. Атрымліваецца прыгожа. А яшчэ ў нас ёсць музейны пакой, дзе сабраны этнаграфічны матэрыял. Яго дзверы адкрыты для наведвальнікаў. Да таго ж нашы супрацоўнікі вывучаюць і займаюцца рэканструкцыяй традыцыйнага строю, умела выкарыстоўваюць беларускі арнамент у сваёй працы. 


Абнавіўся і калектыў аддзела. На змену прафесіяналам прыйшлі не менш таленавітыя асобы. У кожнай жанчыны – сваё захапленне. Вольга Каранкевіч ведае, як працаваць з саломкай і як зрабіць сапраўдную беларускую ляльку. Яе лялькі, апранутыя ў народныя строі Панямоння, сталі сапраўднай візітоўкай на ўсіх святах. А яшчэ Вольга загадвае музейным пакоем, які зараз аднаўляецца. 
Вольга Роліч майстар па саломапляценні, а яшчэ яна цудоўна пляце з лазы. Наталля Лябецкая можа вышыць любыя беларускія ўзоры і стварыць арыгінальную сувенірную прадукцыю. Таццяна Дрэчка без цяжкасці наніжа бісер і створыць з рознакаляровых шкляных нітачак казачнае дрэва. Аксана Лютастанская лепш за ўсіх разбіраецца ў кветкавым дызайне, а Таццяна Лебядзевіч на “ты” з фааміранам і тэхнікай “дэкупаж”. Нават загадчык гаспадаркі чалавек вельмі творчы! Юлія Тарас і ідэю добрую падасць, і рэалізаваць яе дапаможа.
На паліцах – гатовыя да продажу вырабы. Вясёлыя сабакі і каты, лялькі-беларусачкі, дрэвы з бісеру, снежныя бабы з тканіны і елачкі з нітак, падушкі і куфэрачкі… Прыгажосць!
Вырабы можна набыць, заказаць, а можна завітаць на майстра-клас і навучыцца рабіць іх самастойна. Такая паслуга таксама існуе. Некаторыя аматары мастацтва ўжо скарысталіся гэтым шанцам і наведваюць гурткі ў Васілішках і Кроньках, якія вядуць Марыя Будзько і Алена Вашчыла. 
Супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці сябруюць з народнымі ўмельцамі, ладзяць сумесныя выставы, дапамагаюць рэалізавацца, а яшчэ разам з калегамі з метадычнага кабінета займаюцца лялечным тэатрам “Батлейка”.
Спытала я ў майстроў, ці карыстаюцца яны ідэямі з інтэрнэту. Яны шчыра прызналіся, што сочаць за новымі накірункамі ў мастацтве, захапляюцца работамі, выкананымі ў розных тэхніках. 


– Мы ніколі не капіруем тое, што бачым, – зазначыла Ірына. – Час ад часу бяром ідэю, перапрацоўваем яе і дапаўняем. У выніку агульнай працы атрымліваецца штосьці выключна новае. Зараз мы асвойваем дагэтуль не знаёмыя нам матэрыялы: пачалі працаваць з халодным фарфорам і фааміранам. Хацелася б асвойваць наша спрадвеку беларускае ганчарства, аднак, на жаль, у нас няма печы для абпалу гліны. Вось бы знайсці мецэнатаў, якія зрабілі б нам такі падарунак… 
Ідэй у майстроў шмат. Свае работы яны выстаўляюць на раённых і абласных мерапрыемствах, удзельнічаюць у конкурсах. Кажуць, што людзям падабаюцца іх рукатворныя вырабы, магчыма таму, што кожны з іх зроблены з любоўю, у кожны ўкладзена часцінка душы аўтара. 
Дарэчы, калі вы яшчэ не вырашылі, што падараваць вашым родным і сябрам, – завітайце ў аддзел рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва, дзе можна набыць прыгожы сувенір або замовіць штосьці ну вельмі асаблівае. Не прапусціце і выставу елачак, якая будзе ладзіцца ажно па 14 студзеня ў РЦКіНТ.
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.