Шлях да майстэрства

Пад такой назвай у Шчучынскім сельскагаспадарчым ліцэі прай­шла чарговая прафарыентацыйная субота. 

– На гэты раз майстар-клас “Роўны вучыць роўнага” па сваёй спецыяльнасці прапанавалі школьнікам самі навучэнцы ліцэя, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Вайцех Антонавіч Аляксей. – Навучэнец групы ТУ-41 Кірыл Іванюк і другакурснікі Дзмітрый Даніловіч і Міхаіл Гасюк, якія атрымліваюць спецыяльнасць “электраманцёр па рамонце і абслугоўванні абсталявання”, прадэманстравалі, як замяніць разетку, падключыць лямпачку, расказалі пра элементарныя схемы асвятляльнага абсталявання дома або кватэры. 
Навучэнцы 237-ай групы – будучыя трактарысты-машыністы Максім Саўко і Юрый Місюра давалі школьнікам урокі ваджэння і нават уступалі ім сваё месца за рулём. Азы кіравання аўтамабілем прадэманстраваў таксама і навучэнец гэтай жа групы Ілья Гардзіенка.
З цікавасцю назіралі старшакласнікі трох гарадскіх, а таксама Жалудоцкай школы, а было іх каля 90 чалавек, за тым, як па-майстэрску накладвалі швы электрагазазваршчыкі Аляксей Андрушкевіч і Ілья Вінаградаў. Ліцэісты расказалі таксама, як правільна трымаць электрычную дугу і выконваць зварачныя работы. 
Карыснай аказалася для школьнікаў і інфармацыя Таццяны Міхайлаўны Прыстаўка – галоўнага спецыяліста аддзела дзяржаўнай службы занятасці. Яна патлумачыла, дзе можна прайсці навучанне, каб атрымаць рабочую прафесію. А выпускнік ліцэя Віктар Гермакоўскі заклікаў рабят пасля заканчэння ліцэя паглыбляць свае веды і вучыцца далей. 
У прафарыентацыйнай субоце прынялі ўдзел таксама майстры вытворчага навучання і выкладчыкі навучальнай установы. 
Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!