Шчучынскія футбалісткі прабіліся на рэспубліканскі этап спаборніцтваў па міні-футболе “Скураны мяч”

 

У Шчучыне на гарадскім стадыёне “Алімп” прайшлі абласныя спаборніцтвы па міні-футболе “Скураны мяч” сярод дзяўчынак 2009-2011 гадоў нараджэння на прызы прэзідэнцкага спартыўнага клуба. За званне мацнейшых футбалістак Гродзеншчыны змагаліся зборныя Шчучынскага, Смаргонскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў, а таксама Ленінскага раёна г. Гродна.

 

Спачатку каманды прайшлі групавы адбор. Нашы футбалісткі ўпэўнена абыгралі саперніц з Дзятлава і згулялі ў нічыю з апаненткамі са Смаргоні. Асноўны час паўфінальнай сустрэчы са зборнай Ленінскага раёна г. Гродна шчучынская каманда таксама сыграла ў нічыю 3:3, аднак перамагла па серыі пасляматчавых пенальці.

 

 

У фінале нашы спартсменкі выйшлі на карэліцкіх футбалістак. Пэўны час гульня ішла на роўных, але паступова гаспадары поля змаглі перахапіць ініцыятыву і забіць тры галы, не прапусціўшы ніводнага. У выніку шчучынская зборная была прызнана мацнейшай на Гродзеншчыне, а яе ігракі Анастасія Сайдак і Ксенія Бекіш ўзнагароджаны статуэткамі як лепшыя паўабаронца і бамбардзір адпаведна. Прызёрам былі ўручаны кубкі і медалі.

 

 

-- Я займаюся футболам ўжо трэці год, -- дзеліцца Ксенія Бекіш, якая прыехала на спаборніцтвы з Васілішак. – За гэты час заваявала шэраг узнагарод, а летась з сяброўкамі па камандзе нават выступала на рэспубліканскім этапе “Скураны мяч”. Тады мы занялі шостае месца, аднак сёлета прыкладзём усе намаганні, каб як мінімум увайсці ў тройку лідараў. Упэўнена, пры падтрымцы нашага трэнера Андрэя Анатольевіча Давыдава ў нас усё атрымаецца!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!