Сем шчучынскіх баксёраў – чэмпіёны краіны

 

У Мінску прайшлі Чэмпіянат і Першынство Рэспублікі Беларусь па тайскім боксе. На працягу чатырох дзён за чэмпіёнскі тытул на рынгу змагаліся 500 спартсменаў з розных куткоў краіны.

 

 

У спаборніцтвах прымала ўдзел і каманда Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам таленавітага педагога-трэнера Уладзіміра Шурупава. У яе склад увайшлі восем баксёраў узростам ад 10 да 20 гадоў. На турніры таксама выступалі выпускнікі Клуба спартыўных адзінаборстваў, а цяпер ужо сталічныя студэнты Яўгеній Макей, Міхаіл Якімовіч і Андрэй Варонік.

 

 

Шчучынцы прадэманстравалі выдатную фізічную форму і тэхніку. На рынгу яны адчувальна дамініравалі, прабіваючы абарону сапернікаў. У выніку аж сем нашых спартсменаў сталі чэмпіёнамі краіны ў сваіх узроставых катэгорыях. З залатымі медалямі вярнуліся дадому Андрэй Швед, Дзямід Лобач, Улад Марчукевіч, Ілья Сырыцкі, Андрэй Варонік, Ілья Васілька і Яўгеній Макей, які ў фінальным паядынку перамог майстра спорту сусветнага класа з Мінска. Да ўсяго Улад Марчукевіч атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту. Яго сябра па камандзе Міхаіл Якімовіч у рашаючым баі баксіраваў са сталічным майстрам спорту і саступіў, але дзякуючы сваёй стойкасці акрамя сярэбранага медаля быў узнагароджаны спецыяльным прызам “За волю да перамогі”. Данііл Дземянчук і Максім Якенін заваявалі “бронзу”.

 

 

Шчучынец Сямён Ступакевіч, які з’яўляецца студэнтам БДУФК, быў рэкамендаваны педагогам-трэнерам Уладзімірам Шурупавым у судзейскую калегію і прызнаны лепшым суддзёй чэмпіянату.

 

 

 

У агульнакамандным заліку шчучынская зборная заняла 3 месца, а чатыры нашыя баксёры – Улад Марчукевіч, Ілья Сырыцкі, Андрэй Варонік і Ілья Васілька – уключаны ў зборную рэспублікі.

 

 

-- Усе гэтыя высокія дасягненні – вынік рэгулярных трэніровак і сур’ёзнай працы над сабой, -- зазначае педагог-трэнер Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Уладзімір Шурупаў. – Сказаўся і багаты вопыт выступленняў на спаборніцтвах рознага ўзроўню. На нашых дарослых чэмпіёнаў раўняюцца малодшыя члены клуба Андрэй Швед, Дзямід Лобач і Максім Якенін і таксама дабіваюцца высокіх перамог!

 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Я. Макей (справа) у фінальным паядынку перамог майстра спорту сусветнага класа з Мінска

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!