Сельсавет – вялікая сям’я

Рабочыя будні старшыні Мажэйкаўскага сельвыканкама Наталлі Чаславаўны Хоміч напоўнены зносінамі з людзьмі і клопатам пра іх жыццёвы дабрабыт. Такі распарадак дня ў яе з таго часу, як узначаліла мясцовую вертыкаль і Савет дэпутатаў. Таму ўсё, што адбываецца ў 32 населеных пунктах сельсавета, ведае да драбніц.

А нядаўнюю нашу размову кіраўнік распачала са шматвектарнай тэмы бяспекі жыцця. Магчыма таму, што зімовай парой яна найбольш актуальная. 
– У мінулым годзе наша аглядная камісія выходзіла на маршруты бяспекі 48 разоў, – адзначыла Наталля Чаславаўна. – Наведалі звыш 800 домаўладанняў. Землякі ў большасці сваёй з разуменнем успрымаюць і папярэджанні, і заўвагі: летась каля 100 парушэнняў, на якія ўказалі члены камісіі, былі выпраўлены. І праводку знайшлі час замяніць, і печы ды дымаходы адрамантаваць. Заўжды радуюся, калі атрымліваецца дастукацца да сэрцаў людзей, дапамагчы ім зрабіць умовы пражывання больш бяспечнымі і камфортнымі. Грамадзян, да каго прафілактычнае слова не дайшло, няшмат.
Бяда – з’ява шматаблічная. Перад той, якая мае крымінальнае адценне, у сельсавеце таксама ставіцца заслона. І заслуга ў гэтым участковага інспектара міліцыі Андрэя Уладзіміравіча Арцюха. “Гэта адказны, бескампрамісны і мэтанакіраваны ахоўнік правапарадку, адзін з самых надзейных суб’ектаў прафілактыкі, – хваліць яна афіцэра. – Участковы не рубіць з пляча, дае шанц на выпраўленне. Да тых, хто не жадае мяняць, так бы мовіць, бязладны стыль жыцця, прымае самыя строгія меры”. Так, летась адправіліся ў ЛПП 6 мясцовых жыхароў, моцна стрыножаных зялёным зміем. Прысмірэлі сямейныя скандалісты, ахвотнікі пажывіцца чужым. Увогуле наступленне на парушальнікаў правапарадку і спакою дало добрыя вынікі: на тэрыторыі сельсавета ўзровень злачыннасці знізіўся: з 23 крымінальных праяў у 2016 годзе да 21 у 2017-ым. “А калі параўнаць з 2012 годам, то зніжэнне напалову”, – заўважае суразмоўца.
Прафілактыка любой бяды і сацыяльнага недабрабыту – задача важная, падкрэслівае Н.Ч. Хоміч. І патрэбна яна найперш у асяродку пажылых і нямоглых людзей, грамадзян з групы рызыкі, у сем’ях з непаўналетнімі дзецьмі. Таму засцерагальныя мерапрыемствы заўжды праводзяцца разам з сацыяльнай, пажарнай, газавай службамі, медыкамі, старастамі, педагогамі дзвюх школ, кіраўніцтвам мясцовага саўгаса, іншымі зацікаўленымі бакамі. За ўзаемадзеянне старшыня сельвыканкама ім вельмі ўдзячна. Што да метадаў прафілактыкі, то яны самыя розныя. Так, больш за 100 пісем з напамінам паклапаціцца пра бяспеку пажылых бацькоў адрасавалі летась іх дарослым дзецям. Тры чалавекі, якія аказаліся на дне жыцця з-за гарэлкі, былі пазбаўлены дзеяздольнасці, трое абмежаваны ў ёй, двое вяскоўцаў змешчаны на сацыяльныя ложкі…
Калі чалавек заняты працай, у яго няма часу на бессэнсоўнае баўленне часу, на супрацьпраўныя ўчынкі. Кіраўнік органа пярвічнай улады задаволена: дырэкцыя КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” мінулай вясной і летам забяспечыла работай на пераборцы бульбы і ўборцы календулы 48 мясцовых жыхароў.
Н.Ч. Хоміч дзеліцца думкамі наконт будучага аграгарадка Вялікае Мажэйкава. Кажа, добра, што тут будуецца жыллё, у прыватнасці, узводзіцца 4-кватэрны жылы дом. Значыць, у мясцовай школе дабавіцца дзіцячых галасоў. Кіраўніцтва саўгаса трымае ў полі зроку бытавыя пытанні, добра дапамагае і ў іншых справах. Вось нядаўна ўзяло на сябе клопаты і фінансавыя выдаткі па аднаўленні работы лазні ў Мураванцы. “Гэты аб’ект вельмі патрэбны для нашых людзей, асабліва для пенсіянераў, – адзначае старшыня. – Дзякуй Юрыю Генрыкавічу Бяляўскаму!”. Дарэчы, зноў адчыніла дзверы ў гэтай вёсцы і бібліятэка: тут заахвоцілася працаваць аўтарытэтны чалавек, былая загадчыца дзіцячага сада М.У. Сямашка.
З навядзеннем парадку на зямлі ў мажэйкаўскім рэгіёне, даруйце за таўталогію, таксама ўсё ў парадку. Летась зямля вызвалілася ад 6 старых пабудоў (2 знесены за сродкі сельсавецкага бюджэту), 2 гектары ўключаны ў палі севазвароту і “запрацавалі”. Знесены пусты будынак клуба ў Красулях, пакладзены асфальт у Зенеўцах. Прыводзяцца ў парадак акінутыя зямельныя ўчасткі ля вёсак Аленкаўцы, Халечына, Дзірванцы і Забалаць. Бачачы гэтыя перамены, іх жыхары і самі падтрымліваюць старанні ўлады зрабіць жыццё на тэрыторыі сельсавета больш уладкаваным. Радуюць вока дагледжаныя сядзібы ў Кіралях, змянілі аблічча Вялікія Баяры, прыемна прайсціся па Мураванцы. Дарэчы, узорам прыгажосці і дагледжанасці тут служыць сядзіба А.І. Песцярняк, якая летась была прызнана пераможцай конкурсу, арганізаванага ў рамках кветкавага фестывалю ў Жалудку. 
Зямное і нябеснае – катэгорыі непадзельныя. Не можа быць спакой у душы, калі няма парадку ля родных магіл. У мінулым годзе было агароджана месца апошняга спачыну ў Дзірванцах, на сродкі РУП ЖКГ і насельніцтва агароджу пафарбавалі. Ачышчаны ад кустоўя і травы могілкі ў Кіралях.
У цэнтры жыцця не толькі сама Н.Ч. Хоміч, але і яе паплечнікі і аднадумцы. У прыватнасці, правая рука старшыні кіраўнік спраў Алена Яўгеньеўна Жэшка. Дзякуючы свайму пачуццю адказнасці, прыроджанаму таленту знаходзіць агульную мову з людзьмі хутка спасцігла сельсавецкую работу. А вопытныя калегі – інспектар І.А. Зянкевіч і галоўны бухгалтар Г.М. Васілеўская арганічна дапаўняюць дружную каманду. У статусе безадказных памочнікаў – актыўныя і дзеяздольныя старасты: Т.І. Вянскевіч з Тумашаўцаў, “мэры” Забалаці І.С. Ганчар, Ішчална – Г.П. Кучура, В.Баяраў – Ч.І. Чыжык, старшыня селькама в. Мураванка М.М. Ясюкевіч. Адметны і дэпутацкі след у справах сельсавета. Вялікі ўклад у вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва – па абавязках службы і ўласным жаданні – уносяць народныя абраннікі з ліку работнікаў саўгаса.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

Комментарии

Аватар пользователя Вольга

Лепш бы у вёсцы Вялiкае Мажэйкава лазню адчынiлi...angry

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.