Салдатам Перамогі – юбілейныя медалі

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і 100-гадовага юбілею Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь 16 ветэранаў, якія пражываюць у нашым раёне, былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі.

Старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік разам з ваенным камісарам Шчучынскага раёна А.Г. Гайдуком і старшынёй раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевічам завіталі ў госці да былога франтавіка Вадзіма Лявонцьевіча Квача, які жыве ў Скрыбаўцах. Яны ўручылі салдату Перамогі юбілейны медаль, а таксама кветкі і салодкі падарунак.

-- Дзякуй вам за тое, што адстаялі нашу свабоду і незалежнасць! -- выказаў тёплыя словы ў адрас ветэрана кіраўнік раёна Сяргей Васільевіч Ложэчнік. – Вы не скарыліся ворагу і прагналі акупантаў з роднай зямлі. Ваш подзвіг будзе жыць вечна ў памяці народа.

Павіншаваць былога франтавіка прыйшлі таксама старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама Наталля Чаславаўна Хоміч і вучні Мажэйкаўскай і Скрыбаўскай школ. Рабяты падарылі ветэрану кветкі, віншавальныя адкрыткі і хустачку, на якой сваімі рукамі вышылі: “Беражыце сябе”. В.Л. Квач быў вельмі расчулены аказанай увагай і дзяліўся ўспамінамі аб вайне.

-- Мяне забралі ў армію ў 1944 годзе, калі шчучынская зямля была вызвалена ад акупантаў, -- гаворыць Вадзім Лявонцьевіч. -- Аднак і аднаго года, праведзенага на фронце, хапіла, каб паспытаць усе жахі вайны. Не раз давялося зазірнуць смерці ў твар. Асабліва страшна было падчас штурму Берліна. Гэты горад фашысты пераўтварылі ў непрыступную крэпасць, дзе барацьба ішла за кожную вуліцу, кожны дом. Артылерыя біла па будынках, дзе засеў вораг, прамой наводкай. Гітлераўцы не жадалі здавацца і адказвалі шквальным агнём. Многа нашых салдат загінула ў тым баі, але мне пашчасціла застацца ў жывых. Спадзяюся, вам ніколі не давядзецца зведаць жахаў вайны. Вы, нашчадкі Перамогі, павінны зберагчы мір на роднай зямлі.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.