Рэйдавая група тэхнічных інспектараў ФПБ правяла маніторынг умоў працы на прыватным прадпрыемстве “Аромавкус”

На гэтым тыдні наш раён наведала рэйдавая група тэхнічных інспектараў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У рамках маніторынгавых мерапрыемстваў на прадпрыемствах і ў арганізацыях Шчучыншчыны інспектары правяралі выкананне заканадаўства аб ахове працы.

 

Для маніторынгу ўмоў працы на прыватнае прадпрыемства “Аромавкус” завіталі старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і галоўны тэхнічны інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Дзмітрый Баброўскі.

 


 

Прыватнае прадпрыемства “Аромавкус” займаецца вытворчасцю абсталявання для арганізацый харчовай прамысловасці, якія звязаны з перапрацоўкай мяса. Тут вырабляецца складаная прадукцыя. Так, на гэтым прадпрыемстве нядаўна з’явілася камера для апрацоўкі металу шклом, што дазваляе берагчы матэрыял ад карозіі  і надае яму лепшы выгляд. Варта адзначыць, што гэта адзінае падобнае прадпрыемства ў Гродзенскай вобласці.

 

 

Падчас маніторынгу таксама вялікая ўвага была нададзена сацыяльна-бытавым умовам працы, захаванню тэмпературнага рэжыму, правяралася наяўнасць аптэчак.

 

 

– Прадпрыемства прайшло праверку добра. Радуе, што ўсе работнікі цалкам забяспечаны спецвопраткай. Тут створаны камфортныя санітарна-бытавыя ўмовы для супрацоўнікаў, абсталяваны гардэроб і душавыя. Ёсць добры пакой для прыёму ежы. Што тычыцца працоўных месцаў, то яны адпавядаюць правілам аховы працы, тут распрацаваны ўсе інструкцыі, своечасова праводзяцца інструктажы. Калектыў малады, але добра навучаны, гэта бачна па тым, як работнікі карыстаюцца высокатэхналагічным абсталяваннем. Прыватнае прадпрыемства “Аромавкус” – сур’ёзная арганізацыя, у якой у кірунку аховы працы вядзецца канкрэтная і выніковая работа, – падвёў вынікі маніторынгу Дзмітрый Баброўскі.

 

 

Таксама пра важнасць рэйдавых праверак прадпрыемстваў выказаўся Юрый Пашук:

 

– Падобныя рэйды маюць вялікае значэнне. Па выніках праверак рэйдавыя групы распрацоўваюць рэкамендацыі і дасылаюць іх у райвыканкам і на прадпрыемствы. Хачу адзначыць, што на тэрыторыі нашага раёна за апошнія гады не выяўляюцца грубыя парушэнні па ахове працы, а невялікія заўвагі адразу ж выпраўляюцца.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!