Рэканструкцыя падзей у партызанскай зямлянцы, працоўны дэсант ля помнікаў, рабіны памяці і чаяпіцце ў Доме паляўнічага… Даведаліся, чым запомніцца заключная выязная сесія маладзёжнага парламента

Хтосьці з вялікіх справядліва заўважыў: у ланцугу памяці ваенных гадоў не павінна быць слабога звяна – забыцця. Менавіта таму багаты сваёй гераічнай партызанскай гісторыяй орлеўскі край абраны для правядзення выязной сесіі маладзёжнага парламента, што дзейнічае пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў. Орлеўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа імя С.П. Шупені вельмі гасцінна сустрэў юных парламентарыяў. А старшыня Орлеўскага сельвыканкама Андрэй Шэршань цікава расказаў аб асаблівасцях, традыцыях і развіцці гэтага прынеманскага рэгіёна. Ганаровымі гасцямі на мерапрыемстве былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.

 

  Пад урачыстую дроб … хакейных клюшак, якімі так па-майстэрску валодаюць хакеісты-арляняты, госці заходзяць у школу, дзе клапатлівыя гаспадары стварылі ўсё неабходнае для плённай работы заключнай (а таму асабліва адказнай) сесіі маладзёжнага парламента. Фотавыстава “Аўтограф нашых дзён” дапамагае пазнаёміцца з тым, чым жывуць орлеўскія рабяты – сапраўдныя патрыёты, якія праводзяць надзвычай глыбокую і ўдумлівую работу, накіраваную на захаванне і папулярызацыю ваенна-гістарычных ведаў з улікам сучасных інфармацыйных і інавацыйных тэхналогій. Гэта тэма чырвонай ніткай праходзіць і праз справаздачны даклад старшыні маладзёжнага парламента гімназіста Ягора Хільмановіча.

 

 

-- Падчас работы вясенняй сесіі мы падвялі вынікі раённага даследча-пошукавага праекта па зборы звестак пра пахаванні ў брацкай магіле ў гарадскім скверы Шчучына “Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым”, -- канстатуе Ягор. – Маладыя парламентарыі ў архіўных дакументах знайшлі новыя даныя аб 68 загінуўшых воінах.  А нядаўна ў рамках рэспубліканскай акцыі “Прыйдзі і пакланіся” па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны мы наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь” і Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

Увогуле, як адзначалася ў дакладзе, дзейнасць маладзёжнага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў ІV склікання была надзвычай разнапланавай і насычанай. У скарбонцы адметных спраў -- удзел у дыялогавых пляцоўках і праекце “Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам”, шматлікія дабрачынныя, экалагічныя, валанцёрскія акцыі, трэнінгі па прафарыентацыі, майстар-класы і спартыўныя мерапрыемствы, даследаванні гарадскога велатрафіка, у выніку чаго, між іншым, былі праведзены работы па заніжэнні бардзюр. Дзякуючы праекту “ВелаШчучын” зараз у разы стала камфортней рухацца на веласіпедзе ў гарадской прасторы.

 

Маладыя парламентарыі Ягор Хільмановіч, Паліна Шкляр, Марыя Смалянская, Таццяна Шэршань дастойна выступілі на раённым этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года – 2020”. А ўдзельнікі анлайн-сесіі маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Дзяніс Красочка, Ангеліна Пустабаева, Уладзіслаў Хвайніцкі, Маргарыта Лапян і іншыя дзяліліся з равеснікамі вопытам рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў у нашым раёне.

 

 

Не абышлося без абмену досведам і падчас гэтай заключнай сесіі. Марыя Кажухоўская цікава расказала аб дзейнасці “Агенцтва добрых сэрцаў” у Галавічпольскім дз/с-СШ, а Караліна Шчытко падзяліліся вопытам рэалізацыі шэрагу інклюзіўных праектаў у СШ №2 г. Шчучына. Дэпутат маладзёжнага парламента Валерыя Цяшко таксама распавяла аб удзеле ў сацыяльна значных праектах, аб тым, як вучні трэцяй гарадской школы падтрымліваюць медработнікаў у складаны час пандэміі, у прыватнасці, арганізавалі пашыў масак.

 

А вось дэпутат орлеўскіх вучняў Паліна Шкляр не толькі расказала на прыкладзе сваёй школы аб шматграннай  рабоце па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі падрастаючага пакалення праз уключэнне ў музейную і краязнаўчую дзейнасць, але і запрасіла ўсіх ўвачавідкі ў гэтым пераканацца, наведаўшы легендарныя Зачэпічы. Сапраўды, мемарыяльны комплекс сярод стромкіх векавых хваін сустрэў нас рэканструкцыяй ваенных падзей. Здавалася, што хтосьці тут уключыў машыну часу. У партызанскай зямлянцы ўсё было настолькі рэалістычна: вось маладзенькая медсястра перавязвае параненага байца, засяроджаны радыст настойліва дабіваецца сувязі з цэнтрам, а партызанскія камандзіры, схіліўшы галовы над картай, распрацоўваюць чарговую баявую аперацыю… Дадайце да гэтага эмацыянальныя, насычаныя гістарычнымі фактамі і да болю кранальнымі ваеннымі гісторыямі расказы юных экскурсаводаў – паверце, такія ўрокі мужнасці не пройдуць бясследна! І ўсё гэта – вынік творчай работы не прафесійных кінематаграфістаў, а вучняў і педагогаў Орлеўскага дз/с-СШ. Цудоўны прыклад нефармальнага падыходу да патрыятычнага выхавання.

 

Члены маладзёжнага парламента таксама ўпісалі свой радок у гісторыю памяці гэтых гераічных мясцін, пасадзіўшы на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу рабінавую алею. А яшчэ ўдзельнікі мерапрыемства – дарослыя і моладзь – раздзяліліся на групы і дружна папрацавалі над добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля помнікаў у аграгарадку Орля, ля брацкай магілы ў Зачэпічах і непасрэдна ля музея і зямлянкі, усклалі кветкі да абеліска.

 

 

-- Пра сучасную моладзь сёння можна пачуць самыя розныя водгукі. Але ж яны – гэтыя юнакі і дзяўчаты – такія, якімі мы іх выхоўваем, -- выказала сваё меркаванне старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. – Я з вялікай зацікаўленасцю супрацоўнічала з гэтым саставам маладзёжнага парламента – рабятамі ініцыятыўнымі, інтэлектуальнымі, мэтанакіраванымі. Самыя актыўныя з іх сёння атрымалі ўзнагароды. Лічу, што маладзёжны парламент 4-га склікання завяршае сваю работу, пакідаючы адметны след на шчучынскай зямлі, і новаму саставу, які прыступіць да сваёй работы з верасня, будзе з каго браць прыклад.

 

Далейшае знаёмства моладзі з орлеўскім краем мела працяг на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі, дзе дырэктар Шчучынскага лясгаса, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Сушчэўскі расказаў аб дасягненнях і перспектывах прадпрыемства, развіцці турызму і экаадпачынку на базе Дома паляўнічага ў Зачэпічах. Дарэчы, па ўсіх законах беларускай гасціннасці рабят тут пачаставалі гарачай юшкай і адмысловай гарбаткай.

 

-- Такія сустрэчы не забываюцца, -- дзяліліся сваімі ўражаннямі юнакі і дзяўчаты. – Мы зноўку адкрываем для сябе малую радзіму, бачым, якая багатая гісторыя і культура нам дасталася ў спадчыну. А работа ў маладзёжным парламенце дала каласальны вопыт грамадскай дзейнасці.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

З першых вуснаў

Павел МІХАЛЮК, дэпутат Платы прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

-- Я ўпершыню браў удзел у рабоце сесіі маладзёжнага парламента і, скажу шчыра, уражаны, што ў Шчучыне “не па-дзіцячы” вырашаюцца многія актуальныя для падрастаючага пакалення задачы. Самае галоўнае, што ініцыятарамі ў гэтым з’яўляюцца самі юныя энтузіясты. За сённяшнімі справаздачамі, якія мы слухалі падчас работы сесіі, стаяць рэальныя справы маладых і сацыяльна значныя праекты. Важна, што гэта не аднаразовыя акцыі, а планамерная і комплексная работа, якую падтрымліваюць раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў, аддзел адукацыі, спорту і турызму, за што ім вялікі дзякуй.  

Не меней важна і тое, што моладзь вывучае, як будуецца і функцыянуе наша дзяржава, як працуюць яе заканадаўчыя і выканаўчыя органы, на каго канкрэтна накіравана сацыяльна арыентаваная палітыка. Усё гэта добры вопыт для будучых упраўленцаў і проста нераўнадушных, актыўных грамадзян сваёй краіны, сапраўдных патрыётаў, якія шчыра любяць Айчыну і будуць працягваць лепшыя традыцыі.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!