Развяліся “марадзёры”

Людзі без сумлення абчысцілі яшчэ тры нежылыя сядзібы: на гэты раз у вёсках Ваўчкі, Сарокі і Прэціма. 

У першым выпадку выкрадзены бляшанка фарбы, садовы інвентар і радыёпрыёмнік, у другім – посуд і электрачайнік, у трэцім – посуд, інструмент і 7 бітонаў. Наўрад ці патрэбны яны зладзюгам для ўласнага карыстання. Відаць, паспрабуюць загнаць за бясцэнак іншым людзям. Не купляйце, не бярыце грэх на душу! Калі ж да вас заглянуць падазроныя “карабейнікі”, дома ў якіх, вы ведаеце, не тое што прыёмніка – відэльца няма, пакажыце ім на дзверы і паведамце ў міліцыю, ці хаця б у сельскі Савет. Памятайце: “марадзёры” разахвоцяцца ад беспакаранасці і заўтра могуць дабрацца і да вашай сядзібы. 
Дарэчы, праваахоўнікі ўжо ўстанавілі асобы грамадзян, якія ў жніўні “пагаспадарылі” на нежылым хутары ля вёскі Раганічы – выкралі драўляны брус і дошкі з гаспадарчай пабудовы. Аказалася, нядобрай справай заняліся жыхары Нарашоў – пенсіянер і непрацуючы. 
А вось хто разабраў гэтым летам сцяну нежылога дома ў вёсцы Маркаўцы (звыш 1200 цаглін), пакуль яшчэ невядома. 
Дарэчы, спадчыннікам апусцелых родавых гнёздаў не варта пакідаць у дамах і гаспадарчых пабудовах, няхай сабе і пад замком, каштоўныя рэчы, інструменты, маёмасць, якія могуць стаць прынадай для злых людзей.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар.