Рамонт дарогі пачалі ля фірменнага магазіна “Крышталь” па вуліцы Авіятараў у Шчучыне

У рамках аб’яўленага месяч­ніка навядзення парадка на зямлі работнікі РУП ЖКГ пачалі рамонт дарогі ля фірменнага магазіна “Крышталь” па вуліцы Авіятараў у Шчучыне. Хутка тут паставяць новыя бардзюры і пакладуць новае асфальтавае пакрыццё. На гэтыя мэты будзе выдаткавана амаль 30 тысяч рублёў.

– З надыходам вясны, калі сышоў апошні снег, стала зразумела, што ўчастак дарогі ля магазіна “Крышталь” знаходзіцца ў аварыйным стане: бардзюры моцна праселі і месцамі нават разваліліся на кавалкі, асфальт патрэскаўся, на ім з’явіліся ямы, – гаворыць намеснік начальніка РУП ЖКГ Андрэй Аркадзьевіч Місюк. – Рухацца па гэтай дарозе было не толькі нязручна, але і небяспечна. Таму мы вырашылі навесці тут парадак: закупілі 290 мятровых бардзюраў, якія зараз нашы работнікі ўстанаўліваюць. 


Як толькі камунальнікі завершаць усе рамонтныя работы, шчучынскія дарожнікі пакладуць тут новае асфальтавае пакрыццё.
– У нас працуе свой асфальтавы завод, які здольны выпускаць 25 тон дарожнай сумесі ў гадзіну, – зазначае начальнік ДРБУ-161 Мечыслаў Іванавіч Стэльмашок. – Мы прыгонім сюды спецыяльны ўкладчык і два катка і за 3-4 гадзіны паложым на вызначаным участку новы асфальт. Упэўнены, аўтаўладальнікі высока ацэняць якасць нашых работ.
Добраўпарадкаванне вуліц у Шчучыне будзе працярвацца. Акрамя таго, камунальнікі актыўна наводзяць парадак на гарадскіх вуліцах, плошчы, у скверах і парках. Ім дапамагаюць работнікі іншых арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама школьнікі.
Ужо 21 красавіка на Шчучыншчыне пройдзе рэспубліканскі суботнік, а 5 мая – раённы, падчас якіх жыхары Шчучыншчыны масава выйдуць на ўборку сваіх населеных пунктаў. Плануецца, што ўсе заробленыя грошы будуць накіраваны на набыццё неабходнага абсталявання ў новы дзіцячы садок, які ўзводзіцца па вуліцы Будаўнікоў у Шчучыне.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!