Работнікі сацыяльнай абароны сёння прымалі віншаванні з нагоды прафесійнага свята, падзякі за працу ад кіраўніцтва раёна і ў фармаце дыялогавай пляцоўкі абмяркоўвалі праект Канстытуцыі

 

Пасяджэнне з нагоды Дня работнікаў сацыяльнай абароны праходзіла раніцай у актавай зале Дома Саветаў. Удзельнікаў цёпла віталі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алена Пасюта і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі.

 

-- Сацыяльная абарона насельніцтва – адно з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі, а ваша служэнне людзям – гэта больш, чым прафесія, -- звярнулася да прысутных Алена Васільеўна. – Вы ўкладваеце ў працу ўсё сваё вялікае сэрца, а таму становіцеся для сваіх падапечных надзейнымі сябрамі. У дзень прафесійнага свята прыміце ад кіраўніцтва раёна шчырую ўдзячнасць за вашу нялёгкую, але такую гуманную і запатрабаваную працу.

 

На Шчучыншчыне 900 чалавек знаходзяцца пад апекай і доглядам 92-х сацыяльных работнікаў. Гэта жыхары не толькі буйных населеных пунктаў, але і аддаленых вёсачак. Аднак ніхто не застаецца без клопату і ўвагі. Усяго ў радах сацыяльнай службы раёна працуюць больш за 400 чалавек.

 

 

Алена Пасюта зачытала віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а Андрэй Навіцкі – міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, дзе даецца высокая ацэнка працы тых, чыё прызванне -- клопат аб людзях. Шэраг супрацоўнікаў сацыяльнай службы раёна атрымалі ўзнагароды. Так, за значны ўнёсак у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сферы і ў сувязі з прафесійным святам Ганаровай граматы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўдастоена Ганна Паўлюкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

 

Ганаровыя граматы Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта атрымалі псіхолаг ТЦСАН  Ірына Грыцко і швачка Шчучынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Людміла Ліпская. А галоўнаму спецыялісту ўпраўлення Таццяне Новік і медсястры Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў Ірыне Гук былі ўручаны Падзячныя лісты райвыканкама.

 

Не толькі за працоўныя поспехі, але і за плённую грамадскую дзейнасць Андрэй Навіцкі ўручыў шэрагу актывістаў граматы раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных  і іншых устаноў.

 

У той час, калі ўся краіна абмяркоўвае праект абноўленай Канстытуцыі, не маглі абмінуць гэту важную тэму і ўдзельнікі нарады.

 

 -- Галоўныя напрамкі адноўленай Канстытуцыі – гэта ўстойлівае развіццё краіны і грамадства, павышэнне якасці жыцця ўсіх слаёў насельніцтва, -- падкрэсліла Алена  Пасюта. – Асобная ўвага ўдзяляецца такім катэгорыям грамадзян, як пажылыя і людзі з інваліднасцю. Вельмі многае робіцца, каб забяспечыць даступны асяродак і зручную інфраструктуру для людзей з аслабленым здароўем, каб сацыялізаваць тых жа выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната. Дзяржава дэкларуе палітыку сацыяльнай інтэграцыі.

 

 

Замацаваны ў праекце новай Канстытуцыі і нашы традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, падтрымка шматдзетных сямей. Іх у нашым раёне 461, і жыллёвая праграма не спыняецца. Вельмі важна данесці да людзей сталага веку, што закладзеныя імі традыцыі будуць працягвацца, што мы не дазволім перапісваць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і будзем выхоўваць маладое пакаленне ў духу патрыятызму і адданасці роднай Айчыне.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!