Работнікі агародніннай базы Вадзім Пракаповіч і Дзмітрый Паўлюкевіч сочаць, каб уся прадукцыя ляжала, як кажуць, радком і ладком

 

Сёлета на нашых прысядзібных участках і дачах вырас нядрэнны ўраджай садавіны і агародніны. А значыць, ёсць што ў слоікі ды маразільнікі пакласці, а калі лішак утварыўся – здаць спажывецкай кааперацыі і зарабіць рубель-другі ў сямейны бюджэт.

 

Вось што аб асаблівасцях сёлетняга нарыхтоўчага сезона расказала начальнік аддзела нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Ала Арлоўская:

 

– Як заўжды, мы гатовы закупіць у жыхароў раёна лішак сельгаспрадукцыі, дары саду і лесу. Праўда, кожны чарговы нарыхтоўчы сезон у нечым адметны ад папярэдняга. Сёлета, напрыклад, набылі для рэалізіцыі ў гандлёвай сетцы дзве з паловай тоны клубніц. Бралі гэту ягаду ў адным з раёнаў Брэстчыны. Маглі б прывезці і больш, але павышанага попыту на яе ў нашых пакупнікоў не было – у многіх клубніцы ўрадзілі на ўласных агародах. Ужо фактычна завяршыўся сезон нарыхтоўкі вішні: нашы кааператары закупілі ў насельніцтва дзве тоны ягад, што нашмат больш, чым летась. Цана вагалася ад 50 капеек за кілаграм у пачатку да 30 напрыканцы сезона.

 

Па словах Алы Міхайлаўны, спажыўкааперацыя ўжо гатова прымаць і іншыя віды садавіны, у прыватнасці, яблыкі. Сёлета недахопу ў іх не павінна быць: голле так і хіліцца долу ад сакавітых пладоў. Праўда, не ўсюды яны вялікія.

 

 

 Насельніцтва і фермеры таксама здаюць буракі, моркву, бульбу, часнок і іншыя агародныя культуры. Аб’ёмы прынятай прадукцыі залежаць ад патрэбы ў ёй магазінаў філіяла, тлумачыць начальнік аддзела.

 

На нарыхтоўчых пунктах па-ранейшаму чакаюць зборшчыкаў дзікарослых ягад і грыбоў. Пакуль жа вялікага наплыву людзей не было: прынеслі і здалі каля 30 кілаграмаў лісічак (цана – 5 рублёў за кг) і 90 кілаграмаў чарніц (4,5 рубля за кг), што значна менш, чым у мінулым годзе. “Аб’ёмы лясных “вітамінаў” невялікія, бо мы бралі толькі чыстыя ягады, а прыватныя нарыхтоўшчыкі прымалі і засмечаныя, таму зборшчыкі чарніц туды і пайшлі”, – адзначае Ала Арлоўская.

 

 

Вырашчанае на прысядзібных участках і дачах, а таксама дары лесу кааператары прымаюць на сямі стацыянарных нарыхтоўчых пунктах – у Жалудку, Астрыне, Ражанцы, Першамайску, Васілішках, Новым Двары і ў Шчучыне на вуліцы Пушкіна, да таго ж – на агародніннай базе, што на вуліцы Цітова у райцэнтры. Падчас яблычнага сезона да гэтай справы дадаткова падключацца тры раз’язныя нарыхтоўшчыкі. Ва ўсіх магазінах спажывецкай кааперацыі вывешаны аб’явы аб закупачных цэнах і нумары тэлефонаў нарыхтоўшчыкаў.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!