Работа над памылкамі

 

Вельмі дарагі і вельмі неадназначны падарунак атрымалі ў Дзень маці тры жанчыны з нашага раёна. Пастановай камісіі па справах непаўналетніх Шчучынскага райвыканкама ім вярнулі … уласных дзяцей.

 

Справа ў тым, што яшчэ ў сярэдзіне красавіка было афіцыйна прызнана: непаўналетнія члены гэтых нядобранадзейных сямей маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Дзяцей папросту забралі ад нядбайных бацькоў і змясцілі ў бяспечныя ўмовы: кагосьці пасялілі ў прыёмную сям’ю, кагосьці – да сваякоў.

 

Безумоўна, гэта быў неверагодны стрэс для мацярок, які, на жаль, на той момант ацвярозіў не ўсіх. Дый дзецям нялёгка было звыкнуцца, што самага дарагога чалавека – мамы – няма побач.

 

Паводле мудрага Льва Талстога, кожная нешчаслівая сям’я няшчасная па-свойму. Але ў даным выпадку ўсе няшчасці, нібы пісаны пад капірку, і прычына ў іх адна – п’янства бацькоў. У дзвюх з гэтых сем’яў дзяцей забіралі паўторна. А потым распачалася сур’ёзная “работа над памылкамі” – жыццёвымі. Надзвычай важна, што ў гэтай справе нічога не было кінута на самацёк. У такіх выпадках распрацаваны строгі алгарытм дзеянняў і кантроль з боку мясцовай улады і грамадскасці.

 

Па-першае, бацькі працаўладкаваліся, бо прадстаяла выплачваць тыя расходы, якія дзяржава брала на сябе ў забеспячэнні дзяцей. Па-другое, давялося прывесці ў парадак свой дом і стварыць нармальныя ўмовы. Пры гэтым візіты да ўрача-нарколага яўна не былі лішнімі, як, дарэчы, і гутаркі са спецыялістамі, накіраваныя на фарміраванне сямейных каштоўнасцей. Усё гэта з цягам часу зрабіла сваю справу.
 Варта адзначыць, што для кожнай з памянёных сямей адабраныя дзеці ўсё ж многае значылі: бацькі да іх прыязджалі, абяцалі зрабіць усё неабходнае, каб зноў быць разам. У гэтым выпадку дадзенае слова дарослыя стрымалі. Сімвалічна, што менавіта 14 кастрычніка, у Дзень маці, іх запрасілі на чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, каб паведаміць добрую навіну.

 

– На працягу гэтага года з нядобранадзейных васьмі сямей мы былі вымушаны забраць 14 дзяцей, якія знаходзіліся там у сацыяльна небяспечным становішчы. Прычым, у пяці сямей дзяцей забіралі ўжо паўторна: не зрабілі яны вывадаў з першага разу, зноў наступілі на тыя ж граблі, – расказвае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Шчучынскага райвыканкама Жанна Васільеўна Карпук. – Радуе, што ў чатыры сям’і, дзе бацькі адумаліся і выканалі пэўныя патрабаванні, каб іх сынам і дачушкам жылося па-людску, дзеці вернуты. А гэта шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак.

 

 Дарэчы, мэтанакіраваная работа па выяўленні сямейнага недабрабыту і абароне інтарэсаў дзяцей у нашым раёне распачалася даўно – яшчэ да выхаду прэзідэнцкага Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Прынцыповая пазіцыя раённай улады і шэрагу раённых службаў, іх цеснае супрацоўніцтва даюць свой плён. Калі ў 2011 годзе з гора-сямей былі забраны 74 дзіцяці, то летась – трое рабят за ўвесь год. Тым не менш праблема сямейнага недабрабыту па-ранейшаму стаіць досыць востра. На 1 кастрычніка ў раёне на ўліку 41 сям’я, дзе 94 дзіцяці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А гэта значыць, што перад вачыма хлопчыкаў і дзяўчынак не лепшы прыклад іх не заўжды цвярозых і найчасцей скандальных бацькоў, для якіх бутэлька з алкаголем большая каштоўнасць, чым шчаслівае і радаснае дзяцінства ўласных сыноў і дачушак.

 

 Мірыцца з падобным становішчам мы не маем маральнага права, бо не бывае чужых дзяцей. Магчыма, тыя сем’і, у якіх дарослыя добрасумленна зрабілі сваю “работу над памылкамі”, стануць прыкладам, як выбрацца са складанага жыццёвага лабірынту – дзеля дзяцей, дзеля сябе і дастойнага жыцця.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!