“Рабінавы баль” у Васілішках. Даведаліся, як у вядомым аграгарадку адпачываюць людзі залатога ўзросту

 

Каму-каму, а членам аматарскага аб’яднання “Залаты ўзрост”, што дзейнічае пры Васілішкаўскім цэнтры культуры, у ініцыятыўнасці не адмовіш.

 

Штомесяц энтузіясты рэалізоўваюць чарговую цікавую ідэю, а 7 кастрычніка правялі “Рабінавы баль”, упрыгожыўшы залу яркай восеньскай лістотай, развесіўшы рабінавыя гірлянды, а галоўнае – захапілі з сабой на мерапрыемства добры настрой і жаданне падзяліцца з іншымі цеплатой сваіх сэрцаў.

 

А якой жа душэўнай, рамантычнай атрымалася падрыхтаваная праграма! Вядучая Алена Лысеня прапанавала распачаць баль усімі любімым вальсам. Затым усе разам успаміналі і спявалі песні пра восень і, канешне, пра “тонкую рабіну”, рабінавыя каралі і мноства іншых.

 

 

Арганізатары падрыхтавалі вясёлыя забавы і конкурсы: на самага ўдачлівага грыбніка, на лепшае восеньскае ўпрыгожанне, што тут жа стваралі сваімі рукамі, устроілі моднае дэфіле…

 

 

– Людзі залатога ўзросту маладзелі на вачах. Іх стваральнай энергіі ў гэты вечар маглі пазайздросціць нават маладыя, – гаворыць загадчыца Васілішкаўскага цэнтра культуры Алена Лысеня. – Надзвычай важна, што жыхарам аграгарадка ёсць куды пайсці ў вольную хвілінку, дзе рэалізаваць сваё творчае “Я”, ад душы павесяліцца, сустрэцца з равеснікамі і аднадумцамі. Наперадзе ў нас яшчэ багата планаў і неардынарных прапаноў. Рэалізоўваць іх лёгка і прыемна, бо за справу бяруцца ўсе, а пасіўнасць – гэта не пра нас…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!