Пуцёўка да запатрабавання

Наступным летам будзе арганізавана аздараўленне ўсіх дзяцей, якія гэтага пажадаюць

Аб гэтым заявіў на сумесным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама і абласнога міжведамаснага савета па пытаннях аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння насельніцтва намеснік старшыні аблвыканкама В.А. Лісковіч.

Што да сёлетняй летняй аздараўленчай кампаніі, то ў цэлым яна прайшла паспяхова, лічыць Віктар Андрэевіч:
– Атрымалася аздаравіць амаль 49 тысяч дзяцей, гэта на тры з палавінай тысячы больш, чым у мінулым годзе. 
Начальнік абласнога ўпраўлення Рэспуб­ліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насель­ніцтва А.Ч. Ганчар паведаміў, што летам у вобласці была арганізавана работа 22 стацыянарных аздараўленчых лагераў, пад свой дах прынялі рабят 22 аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем на арандаванай базе, 250 дзевяцідзённых профільных лагераў. Працавалі 586 лагераў з дзённым знаходжаннем. За летні перыяд аздароўлена 7364 дзіцяці з мнагадзетных сем’яў, 1866 – з сямей, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, 378 падлеткаў, якія стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Актыўна і з карысцю правялі лета, умацавалі здароўе дзеці-сіроты і дзеці-інваліды. 
За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на патанненне пуцёвак накіравана 5 мільёнаў 128 тысяч рублёў і яшчэ 164 тысячы рублёў былі выдзелены дадаткова.
В.А. Лісковіч паставіў задачу падчас падрыхтоўкі да наступнай летняй кампаніі па аздараўленні сыходзіць з патрэбнасці дзяцей: усе, хто жадае адпачыць у лагеры, павінны атрымаць пуцёўкі. У гэтых установах, незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці, належыць стварыць аднолькавыя ўмовы быту, адпачынку і бяспекі. 
Мінулы летні сезон пацвердзіў павышаную адказнасць дарослых за бяспеку і здароўе дзяцей, падкрэсліла старшы памочнік пракурора вобласці па нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі С.А. Нанкевіч. Тым не менш, патрэбны дадатковыя меры для папярэджання іх гібелі і траўматызму. Пагрозу жыццю і здароўю ўяўляюць старыя збудаванні, гарышчы ў свабодным доступе, водныя аб’екты, дзе купанне забаронена. 
Пасяджэнне праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі. У студыі Шчучынскага райвыканкама прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк, галоўны спецыяліст прадстаўніцтва абласнога упраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Шчучынскім раёне В.М. Ложэчнік, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама У.Р. Дубок, начальнік ІСН РАУС Ю.А. Пляханаў, спецыялісты аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, іншых зацікаўленых службаў і арганізацый. Ганна Станіславаўна акцэнтавала ўвагу членаў кампетэнтнай каманды на неабходнасць выпраўлення ўсіх недахопаў, якія выявіў сёлетні сезон аздараўлення і арганізацыі летняй занятасці дзяцей.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
 

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)