“Прывітанне” ад князёў Чацвярцінскіх. Праз Чырвоны Крыж былыя ўладальнікі знакамітага палаца перадалі пацыентам Жалудоцкай бальніцы гуманітарную дапамогу

 

Традыцыі гуманітарнай дапамогі для Жалудоцкай гарадской бальніцы заклала ў далёкія 90-я гады мінулага стагоддзя дама Мальтыйскага ордэна княгіня Ізабэла, якая ў маленстве жыла з бацькамі ў знакамітым жалудоцкім палацы Сям’я эмігрыравала, а потым, з падзеннем “жалезнай заслоны”, наследніца арыстакратычнага роду стала рэгулярна наведвацца ў родныя мясціны з Бельгіі. Ды не з пустымі рукамі былі візіты на малую радзіму!

 

Мясцовыя медыкі да гэтага часу памятаюць, як Ізабэла Чацвярцінская ў складаны для нашай краіны час дапамагала сваім землякам у будаўніцтве бальніцы, прысылала гуманітарны груз – мэблю, сантэхніку і медыцынскае абсталяванне, збірала сродкі на аўтамабіль хуткай дапамогі. У памяць аб мецэнатцы ў холе бальніцы вісіць партрэт Ізабэлы, дарэчы, медсястры па прафесіі, і ўдзячны надпіс.

 

 

– Прыемна, што нашчадкі князёў Чацвярцінскіх, наведаўшы Жалудок падчас фестывалю кветак, прынялі рашэнне і далей “шэфстваваць” над пацыентамі мясцовай бальніцы, а нядаўна пералічылі па лініі Чырвонага Крыжа дапамогу ў тысячу еўра, – расказвае старшыня раённай арганізацыі БТЧК Юлія Вароніна. – На гэту суму мы закупілі самае неабходнае для адзінокіх людзей, што пражываюць у аддзяленні сястрынскага догляду, – памперсы для ляжачых хворых, пасцельную бялізну і многае іншае. Заказалі па індывідуальных размерах байкавыя халаты, якія аператыўна і якасна сшылі шчучынскія майстрыхі з прадпрыемства “ШчучынСпецПашыў”. Маленькім святам стала і сама перадача гуманітарнай дапамогі.

 

– Нашы бабулі і дзядулі вельмі любяць гасцей і знакі ўвагі ды павагі, – усміхаецца загадчыца бальніцы Яўгенія Астаповіч. – За час пандэміі яны крыху засумавалі па сустрэчах з валанцёрамі і работнікамі культуры, якія досыць часта дарылі ім святы. Затое дзякуючы строгім каранцінным мерам і шчыраму клопату медперсаналу аб падапечных ніхто з іх не захварэў на каранавірус, а зараз усе 32 пацыенты аддзялення сястрынскага догляду вакцыніраваны і, што немалаважна, усе добра перанеслі прышчэпку.
Дзяжурная медсястра Марыя Шмукста дапамагае прымераць абноўку даўняй насельніцы аддзялення Дар’і Іосіфаўне Вялічка, растлумачвае, хто прыслаў падарункі. Бабуля задаволена ўсміхаецца і выказвае словы ўдзячнасці.

 

Юлія Вароніна разам са старшай медсястрой Ірынай Дзікевіч афармляюць належную дакументацыю: усё павінна быць празрыста і адрасна, а мы цікавімся настроем пацыентаў і персаналу.

 

 

– У нас працуюць вельмі адказныя і міласэрныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы, – лічыць Яўгенія Астаповіч. – Іншы раз у аддзяленне прывозяць на насілках зусім нямоглага пацыента – слабенькага, з пролежнямі, а мы выходжваем, ставім чалавека на ногі ў прамым і пераносным сэнсе. Тыя рэчы, што паступілі па гуманітарнай лініі ад Чацвярцінскіх, нам і далей дапамогуць выходжваць нашых падапечных. Абавязкова накіруем пісьмы падзякі ў адрас мецэнатаў, а Таварыству Чырвонага Крыжа асобны дзякуй.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!