Прававая дапамога – побач. У “Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі” прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян

На базе ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” адбыўся прафсаюзны прыём грамадзян. Яго праводзілі галоўны прававы інспектар працы абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марыя Козырава, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і намеснік пракурора Шчучынскага раёна Дзмітрый Гайдукевіч.
Па традыцыі фармат мерапрыемства прадугледжвае, акрамя асабістага прыёму грамадзян, лекцыю па прававой адукацыі. Гэтым разам Марыя Козырава выступіла з дакладам па тэме “Абмежаванні на прымяненне працы жанчын”, у якім разгледзела такія пытанні, як перавод на лёгкую працу, забарона на звальненне і прадастаўленне працоўнага і сацыяльнага водпуску.

– Артыкулам 168 Працоўнага кодэкса вызначаны абавязак наймальніка пры складанні графіка працоўных водпускаў запланаваць водпуск па жаданні работніка ў летні ці іншы зручны час маці (мачасе), якая выхоўвае дваіх і болей дзяцей ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў, а таксама маці (мачасе), бацьку (айчыму), якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да васямнаццаці гадоў, а ў вызначаны перыяд – жанчынам перад водпускам па цяжарнасці і родах ці пасля яго.
Таксама перад прысутнымі выступіў Дзмітрый Гайдукевіч. Ён звярнуў увагу слухачоў на ход расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Намеснік пракурора падрабязна расказаў пра пошукавыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне новых, раней не вядомых месцаў масавага расстрэлу і пахавання мірнага насельніцтва ў гады вайны.

– Так, у верасні 2022 года пракуратура вобласці арганізавала палявыя пошукавыя работы на тэрыторыі Шчучынскага раёна, каля вёскі Чапаеўка. Па словах сведкаў, на тым участку былі расстраляны людзі, якія хаваліся ў лясах ад нямецкіх акупантаў. Падчас раскопак знойдзены гільзы, патроны, якія выкарыстоўваліся войскамі вермахта, прадметы адзення нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама фрагменты костных астанкаў. Па знойдзеных прадметах была назначана комплексная судова-медыцынская экспертыза.
Пасля выступаў спікераў усе жадаючыя змаглі ў індывідуальным парадку задаць свае пытанні спецыялістам. Так, грамадзян цікавілі нюансы падаткаў і адказнасць за іх несвоечасовую аплату. Таксама разглядаліся пытанні адказнасці за шкоду, прычыненую дзецьмі, прадастаўлення вольнага ад працы дня жанчыне, якая мае двух і болей дзяцей, і наяўнасці дакументаў, якія вадзіцель абавязкова мусіць мець пры сабе пры кіраванні транспартным сродкам.

– Падобныя прафсаюзныя прыёмы праводзяцца па ўсёй краіне з 2015 года, – адзначыў Юрый Пашук. – Іх мэта – у разгорнутай форме тлумачыць калектывам устаноў і арганізацый складаныя аспекты працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Пасля дакладаў спікераў абавязкова праводзяцца асабістыя прыёмы грамадзян, падчас якіх людзі могуць атрымаць адказы на складаныя пытанні ад кваліфікаваных спецыялістаў.



Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
