Прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Г.І. Юрэвіч уручыў Пісьмы-падзякі лепшым сейбітам Шчучыншчыны

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Іосіфавіч Юрэвіч аб’ехаў гаспадаркі Шчучыншчыны, каб уручыць заслужаныя ўзнагароды механізатарам, якія вызначыліся добрасумленнай працай падчас пасяўной кампаніі.

 

 

Трактарыста ААТ “Дэмбрава” Алега Леанідавіча Бушэйку мы засталі ў полі ля вёскі Красная, дзе той заканчваў сеяць аднагадовыя травы.

 

– Сёлета засеяў яравымі зерневымі культурамі каля 400 гектараў, – з гонарам зазначае Алег Леанідавіч. – Таксама на маім рахунку звыш 100 гектараў аднагадовых траў, і штодзень прыбаўляю да гэтай лічбы 30-35 гектараў. Працую на трактары МТЗ-1221 з сеялкай СПУ-6. Тэхніка выдатна дагледжана, таму не падводзіць. Калі закончу сяўбу, пераключуся на касьбу, а пасля буду прасаваць зялёную масу.

 

– Вось на такіх волатах і трымаецца наша сельская гаспадарка! – падкрэсліў прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Іосіфавіч Юрэвіч і ўручыў Алегу Леанідавічу заслужаную ўзнагароду.

 

 

Пісьмом-падзякай таксама быў адзначаны механізатар гэтай жа гаспадаркі Яўгеній Леанідавіч Юрага, які плённа папрацаваў падчас пасяўной кампаніі.

 

– Гэта не першая мая ўзнагарода, – прызнаецца Яўгеній Леанідавіч. – Летась за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў на сяўбе я таксама быў прызнаны перадавым. Прыемна, што маю працу заўважаюць і цэняць! Гэта найлепшы стымул і далей выкладвацца ў полі на ўсе 100%!

 

У той дзень старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Іосіфавіч Юрэвіч заехаў і ў ААТ “АграГЖС”, дзе ўручыў Пісьмы-падзякі перадавым механізатарам Дзянісу Антонавічу Чапля і Станіславу Вацлававічу Тумаху.

 

 

– Сёлета сеяў яравую пшаніцу, ячмень, гарох, а пасля – травы, – гаворыць Станіслаў Вацлававіч Тумах. – Прызнацца, не ставіў перад сабой задачу выбіцца ў лідары. Працаваў, як і заўжды, з поўнай аддачай. А калі так падыходзіць да кожнай справы, то поспех гарантаваны!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!