Прафесіяналы ў пашане ўсюды. Больш за 30 год працуе ў сістэме газазабеспячэння Галіна Вайця-ховіч

 

Бываючы ў Гродне, Галіна Вайцяховіч часта сустракае сваіх былых выкладчыкаў з хіміка-тэхналагічнага тэхнікума. Старэйшыя калегі ведаюць, што адна з лепшых навучэнак і грамадская актывістка Галя Навагродская (прозвішча нашай гераіні ў дзявоцтве), стала высакакласным спецыялістам. Для гэтага ў яе былі ўсе задаткі.

 

Паважаюць Галіну Генрыкаўну і ў калектыве Шчучынскага раёна газазабеспячэння. “Гэта адказны спецыяліст выключнай працаздольнасці. Кампетэнтная, бездакорна выконвае свае службовыя абавязкі. Без справы не будзе сядзець ні хвіліны... Да таго ж характар мае цудоўны – вытрыманая, добразычлівая”, – гатовы і далей пералічваць прафесійныя і чалавечыя вартасці інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела ВУ “Гроднагаз” Галіны Вайцяховіч начальнік Шчучынскага РГЗ Мікалай Вікенцьевіч Карповіч.

 

Як так атрымалася, што дзяўчынку з вёскі Галасавічы некалі зацікавіла такая спецыфічная спецыяльнасць як “Газавая гаспадарка”? Галіна Генрыкаўна не бачыць у сваім выбары нічога незвычайнага: маўляў, з маленства спрытна трымала ў руках не толькі іголку з ніткай, але і малаток, сякеру ды касу. А падчас вучобы ў школе мела схільнасць да фізікі, хіміі і матэматыкі. Так што гуманітарны профіль у прафесіі нават не разглядала. Меркавала стаць спецыялістам у швейнай справе, але (смяецца) “здрэйфіла і не пайшла здаваць другі экзамен”. І хутка канчаткова зразумела, што гэта ўвогуле не яе справа. “І пайшла я паступаць у хіміка-тэхналагічны. Выбрала спецыяльнасць, звязаную з апрацоўкай металу рэзаннем, – зноў здзіўляе Галіна Генрыкаўна. – Але так атрымалася, што добрыя людзі ўгаварылі мяне змяніць спецыялізацыю – на газавую”.

 

Вытворчую і пераддыпломную практыку Галіна праходзіла ў Шчучыне – у мясцовым цэху прыроднага і звадкаванага газу. Гэта структура і стала ў сакавіку 1987 года яе першым рабочым месцам. “На размеркаванні мне сказалі: “На вас даслалі запыт са Шчучына”. Я пагадзілася. Шчыра кажучы, пацягнула на радзіму, – расказвае жанчына. – Тады мала каго з выпускнікоў тэхнікума чакала размеркаванне па Беларусі. Мае аднагрупніцы, напрыклад, ажно ў Данецк і Армянск патрапілі”.

 

Напрыканцы 80-х цэх прыроднага і звадкаванага газу меў, мякка кажучы, вельмі сціплы выгляд. Гэта не цяперашнія адміністрацыйны “палац”, разбудаваны вытворчы комплекс і абноўлены тэхнічны парк. Дыпламаванага спецыяліста адразу прызначылі майстрам. Займалася арганізацыяй работы службы дастаўкі звадкаванага газу, прафілактыкай бяспечнай эксплуатацыі ўнутрыдамавога газавага абсталявання і яго тэхнічным абслугоўваннем, іншымі пытаннямі. У падпарадкаванні было каля 30 мужчын. “Тады ж адных машын-“клетак”, якія дастаўлялі газ у балонах, хадзіла па раёне каля дзясятка”, – успамінае суразмоўца. Малады майстар старалася і паспяхова спраўлялася з усімі задачамі, якія ставіла перад ёй кіраўніцтва. Такі падыход да справы ацанілі. І пасля рэструктурызацыі, якая адбылася на прадпрыемстве ў 1998 годзе, Галіну Генрыкаўну прызначылі інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела. Так на гэтай пасадзе і працуе. Спектр дзейнасці ў спецыяліста надзвычай шырокі.

 

– Гэта падрыхтоўка тэхнічных умоў і праектаў тэхнічных умоў на газазабеспячэнне аб’ектаў. Ажыццяўленне тэхнічнага нагляду і кантроль за будаўніцтвам вонкавых і ўнутраных сістэм газазабеспячэння, – пералічвае субяседніца. – Плюс кантроль за захаваннем нарматыўных, прававых актаў і іншых метадычных матэрыялаў па пытаннях тэхнічнай эксплуатацыі, аховы працы і прамысловай эксплуатацыі. А таксама практычная і метадычная дапамога раёнам газазабеспячэння, у тым ліку Шчучынскаму, у вырашэнні пытанняў тэхнічнай эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння… У мае службовыя абавязкі ўваходзяць і іншыя функцыі, абумоўленыя вытворчай неабходнасцю. Працую і з насельніцтвам – выдаю тэхнічныя ўмовы. Аб’ём работы вялікі, таму з часам не лічуся. Галоўнае, каб была дасягнута мэта.

 

Па словах Галіны Генрыкаўны, працаваць з людзьмі, вядома ж, цікавей. Але і цяперашняя яе работа надзвычай патрэбная: рэалізаваць вытворчыя планы немагчыма без дакладных праектаў і тэхнічных умоў, сур’ёзнага кантролю. Пралікі і адхіленні могуць дорага каштаваць. Таму дакладнасць і скрупулёзнасць у рабоце з дакументацыяй – галоўнае службовае правіла, якім кіруецца інжынер ВТА.
 Залог поспеху ў любой справе – зладжаная калектыўная праца. Г.Г. Вайцяховіч з асаблівай павагай называе калег, для якіх газавая служба мае значэнне. Гэта Мікалай Вікенцьевіч Карповіч, Данута Эдвардаўна Пазднякова, Тамара Аляксандраўна Яцкевіч, Зоя Уладзіміраўна Пацук, многія іншыя былыя і цяперашнія работнікі РГЗ.

 

А пасля напружанага працоўнага дня Галіна Вайцяховіч спяшаецца дамоў. Муж Часлаў Іванавіч з разуменнем ставіцца да таго, што рабочы дзень жонкі часам выходзіць за вызначаныя рамкі: у самога ж некалі была “служба дні і ночы”. Галіна адчувае душэўную падтрымку і ад мамы Станіславы Міхайлаўны, якая зіму праводзіць пад апекай дачкі. Добрыя адносіны склаліся ў жанчыны з сястрой Марыяй і братам Генам. Апошні, дарэчы, таксама работнік “Гроднагазу”. А ў вольную хвіліну наша гераіня бярэ ў рукі ніткі і кручок для вязання. “Навязала поўную шафу, – смяецца Галіна Генрыкаўна. – І іншых спраў хапае. У клопатах і жыццё цікавейшае”.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!