Першыя “Дажынкі” - у ААТ "Васілішкі"

 

Традыцыйнае свята хлебаробаў сабрала разам дружны і згуртаваны калектыў ААТ “Васілішкі” і жыхароў аграгарадка. Пасля напружанай працы на палях земляробы сельгаспрадпрыемства суботнім вечарам нарэшце маглі расслабіцца. Ля Васілішкаўскага цэнтра культуры прайшлі «Дажынкі».

 

Галоўнымі героямі свята сталі не толькі тыя, хто ўбіраў хлеб і адвозіў яго ад камбайнаў, але і тыя, хто закладваў аснову будучага ўраджаю: араў, сеяў, даглядаў пасевы. Адным словам, усе земляробы гаспадаркі. Павіншаваць хлебаробаў з завяршэннем жніва прыехаў прафсаюзны лідар аграрыяў Генрых Юрэвіч.

 

 

 

Сімваламі дажынак з’яўляюцца каравай, выпечаны са збожжа новага ўраджаю, і сноп з важкіх, налітых спелым зернем каласоў. На свяце іх уручылі дырэктару ААТ “Васілішкі” Уладзіміру Серахану і начальніку вытворчасці раслінаводчай прадукцыі Івану Кімашэўскаму.

 

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Серахан звярнуўся да ўдзельнікаў уборкі са словамі падзякі за паспяхова праведзенае жніво: “Наша гаспадарка ўбрала збожжавыя без страт у лепшыя агратэхнічныя тэрміны, выконваючы ўсе меры бяспекі. Упершыню ў гісторыі гаспадаркі васілішкаўскія хлебаробы атрымалі такі багаты ўраджай зерня. У нас самы высокі ў Гродзенскай вобласці валавы збор збожжа. Гэта вельмі сур’ёзныя перадумовы для далейшага развіцця галіны жывёлагадоўлі. Усяго было сабрана больш за 41 тысячу тон збожжавых пры ўраджайнасці 60,2 ц/га, рапсу больш за 5 тысяч тон пры ўраджайнасці 48 ц/га. І гэты вынік не выпадковы. Кожны з камбайнераў і вадзіцеляў, спецыялістаў, загадчыкаў участкаў, увесь працоўны калектыў уклаў у агульную справу ўсё сваё ўменне і прафесіяналізм. Жніво - галоўны экзамен хлебароба, і ў ААТ «Васілішкі» яго вытрымалі годна. Зараз усе нашы клопаты пра ўраджай 2021 года, які павінен быць яшчэ больш важкі“.

 

Уладзімір Часлававіч падзякаваў усім удзельнікам жніва за зладжаную працу, пажадаў ім і іх сем’ям здароўя і дабрабыту.

 

З важкім караваем павіншаваў васілішкаўскіх хлебаробаў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч.

 

 

-- Сёння мы падводзім рысу працы на працягу цэлага года, віншуем усіх тых, хто самааддана працаваў на хлебнай ніве. Асобная ўдзячнасць – перадавікам, якія не першы год пачэсна займаюць п’едэстал пераможцаў жніва.  Вынікі ўборачнай кампаніі не могуць не радаваць. У гэтым годзе ўклад Шчучынскага раёна ў агульны абласны каравай склаў амаль 135 тысяч тон збожжа, --  адзначыў Генрых Іосіфавіч. -- Я ўдзячны ўсім працаўнікам, усім спецыялістам за атрыманы ўраджай, за тое, што ўборачная пара прайшла арганізавана і спакойна. У цэлым ураджайнасць у раёне склала 57,5 цэнтнера з гектара. Гэта добры вынік, атрымана збожжа на 45 тысяч тон больш, чым у мінулым годзе. Упэўнены, што дасягнутыя лічбы не мяжа, у нас ёсць усе рэзервы, каб і ў далейшым засыпаць багатыя засекі.

 

Са словамі віншаванняў звярнуліся таксама да земляробаў начальнік вытворчасці раслінаводчай прадукцыі Іван Кімашэўскі і старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Зубрыцкая.

 

А завяршылася афіцыйная частка мерапрыемства ўзнагароджаннем ўсіх, хто ўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю. На ўрачыстасці прагучалі імёны пераможцаў жніва: камбайнераў, вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, аператараў зернесушыльных комплексаў. Высокіх вынікаў на жніве дасягнулі не толькі вопытныя хлебаробы, але і моладзь – пераможцам у сваіх намінацыях таксама былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Дарэчы, сярод тых, хто ў сёлетнім жніве выклаўся па поўнай і ў раённы каравай унёс важкі ўклад у тры тысячы тон, значацца 2 камбайнеры і 8 вадзіцеляў.

 

 

Трэба адзначыць, аграгарадок Васілішкі быў старанна падрыхтаваны да мерапрыемства. Атмасферу свята на “Дажынках” стваралі музычныя нумары народнага ансамбля песні «Васільковая раніца», а таксама гродзенскіх артыстаў.

 

“Дажынкі” ў Васілішках прайшлі як заўсёды весела - з песнямі, падарункамі і пачастункамі. Але нават у святочных гутарках сённяшнія героі жніва абмяркоўвалі тое, што яшчэ трэба зрабіць заўтра, таму што, як вядома, сапраўдны адпачынак працаўнікоў вёскі пачынаецца толькі з надыходам зімы.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!