Першая тысяча зерня на новым МАЗе

Вадзіцель ААТ “Орля” Іван Эдуардавіч Бівойна першым у раёне перавёз тысячу тон зерня. Перадавіка мы засталі ў полі: той толькі-толькі ад’ехаў ад зернеўборачнага камбайна, будучы загружаным “пад завязку”, і ўжо браў курс на бліжэйшы зернесушыльны комплекс.

 

– Я пачынаў трактарыстам, аднак апошнія 30 гадоў працую ў роднай гаспадарцы вадзіцелем, – гаворыць Іван Эдуардавіч Бівойна. – За гэты час асвоіў ГАЗ-51, ГАЗ-52, ГАЗ-53, ЗІЛ-130, а пасля перасеў на МАЗы. Сёлета атрымаў новага “жалезнага волата”, які здольны перавозіць 20 тон зерня, а з прычэпам – усе 30 тон.

 

Тэхніка магутная, надзейная і камфортная ў кіраванні. Яна выдатна зарэкамендавала сябе ў палявых умовах. На новым МАЗе накатваю звыш 100 кіламетраў у дзень, аператыўна дастаўляючы свежаабмалочаны азімы рапс на дапрацоўку на зернесушыльныя комплексы. За працоўную змену, якая доўжыцца з раніцы і да позняга вечара, перавожу больш за 100 тон насення гэтай алейнай культуры. Каб не дапусціць страт у дарозе, накрываю кузаў грузавіка і прычэп спецыяльным тэнтам.

 

 

Як высветлілася, Іван Эдуардавіч Бівойна штогод займае лідзіруючыя пазіцыі на адвозцы зерня новага ўраджаю сярод вадзіцеляў ААТ “Орля”. Менавіта таму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і даверыла яму новы МАЗ. Аднак першым вадзіцелем-тысячнікам у раёне ён стаў упершыню.

 

– Гэтая навіна стала для мяне сапраўднай нечаканасцю, бо на першынство не прэтэндаваў, – прызнаецца перадавік. – За ўборачную перавожу звыш 2500 тон зерня, аднак упэўнены, што гэта не максімум. Тым больш што хлебная ніва сёлета выдатна ўрадзіла! Пасля азімага рапсу буду заняты на адвозцы зерневых, затым пераключуся на кукурузу і буракі. Як бачыце, лета і восень абяцаюць быць напружанымі, затое будзем з хлебам!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!