Першая тысяча тон – добры пачатак

Механізатар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Іван Літкоўскі, а таксама камбайнавы экіпаж у складзе камбайнера Сяргея Куцкеля і яго памочніка Сяргея Лукашэвіча першымі перакрочылі тысячны рубеж па намалоце зерня сярод гаспадарак, якія ўваходзяць у склад ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”.
Уручыць перадавікам заслужаныя ўзнагароды прама ў поле прыехалі намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Марына Арцыман і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Юрэвіч.

 

– Мы вамі сапраўды ганарымся! – не шкадавала цёплых слоў у адрас хлебаробаў Марына Арцыман. – Адказныя, добрасумленныя, працавітыя, вы забяспечваеце краіну хлебам. Шчыры дзякуй вам за гэта!
Дыпломы і грашовыя прэміі сталі прыемнай нечаканасцю для камбайнераў. Адчувалася, што яны сапраўды ганарацца сваёй прафесіяй.

– Гэта маё 23 жніво, – зазначае Іван Літкоўскі. – Працую вадзіцелем аўтобуса, аднак кожнае лета, калі ў дзетак пачынаюцца канікулы, перасядаю на зернеўборачны камбайн. Хлебная ніва радуе: намалочваю каля 100 тон зерня за працоўную змену.

 

Не менш плённа працуе ў полі і камбайнавы экіпаж у складзе камбайнера Сяргея Куцкеля і яго памочніка Сяргея Лукашэвіча.

– Я вучуся ў Гродзенскім аграрным універсітэце, – дзеліцца Сяргей Лукашэвіч. – Сёлета вырашыў праверыць свае веды на практыцы і зарабіць грошай, таму ўладкаваўся на працу ў родную гаспадарку памочнікам камбайнера. Недарма кажуць, што жніво – гарачая пара! Убіраем хлеб амаль увесь светлавы дзень, на сон звычайна застаецца менш за 6 гадзін. Такі напружаны рытм вытрымаць няпроста, але гэта загартоўвае характар. Ды і калектыў тут выдатны, кожны пры неабходнасці гатовы падставіць плячо. Пасля атрымання дыплома абавязкова прыеду сюды на “адпрацоўку”.

Па даных на 7 жніўня, аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” убралі 71% зерневага кліна, які тут налічвае 2030 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць складае 66,5 цэнтнераў з гектара, што амаль удвая больш, чым летась. Такога высокага паказчыка ўдалося дабіцца дзякуючы ўнясенню ў поўнай меры калійных, фосфарных і азотных угнаенняў, а таксама своечасова праведзеным хімпраполкам. Ды і цёплае надвор’е з частымі дажджамі паспрыяла наліву коласа.

 

 

– У полі штодзень працуюць 9 зернеўборачных камбайнаў, якія за працоўную змену абмалочваюць прыкладна 110 гектараў (+5% да плана), – гаворыць галоўны аграном Станіслаў Аўсянік. – Зерне новага ўраджаю аператыўна адвозім на зернесушылкі, якіх у нас дзве. Таксама ёсць склад для насеннага матэрыялу. Усяго плануем намалаціць больш за 14000 тон зерня.

Паралельна ў гаспадарцы завяршылі другі ўкос траў. Жалудоцкія аграрыі нарыхтавалі 19200 тон травяністых кармоў, што складае 124% ад патрэб сельгаспрадпрыемства.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!