Першамайская бальніца – астравок дабрыні і клопату. Знаёмім чытачоў “Дзянніцы” з гэтай медыцынскай установай

 

Кожны раз, калі прыязджаю са сталіцы на лета ў вёску Дудкі, абавязкова цікаўлюся, як тутэйшыя людзі жывуць. А знаёмая кажа: “Толькі вярнулася з мясцовай бальніцы і адчуваю сябе памаладзелай гадоў на пяток, бо там дакторачкі добрыя і догляд што трэба!” Вось і вырашыў я пазнаёміць чытачоў “Дзянніцы” з гэтай медыцынскай установай.

 

Добра памятаю свае ўражанні, калі ўпершыню завітаў у Першамайскую амбулаторыю, якая кампактна суседнічае з участковай бальніцай. Прыгожы сучасны будынак проста патанае ў зеляніне і кветкавых кампазіцыях. Паўсюль чысціня і парадак. Унутраныя інтэр’еры такія ж сучасныя, і ўсё да драбніц прадумана, каб пацыентам было зручна і камфортна. Прасторныя кабінеты медработнікаў аснашчаны адпаведным медыцынскім абсталяваннем. Міжволі падумалася: сюды б у штат уключыць пару-тройку урачоў вузкай спецыялізацыі і істотна разгрузілася б раённая паліклініка, да якой ой як няпроста дабрацца з гэтага аддаленага рэгіёна.

 

…І вось гутару з галоўным ўрачом Першамайскай участковай бальніцы Марыяй Богдан. Гэту пасаду яна займае з 2018 года. За плячыма паспяховая вучоба ў Гродзенскім медуніверсітэце. Дарэчы, Марыя Іосіфаўна адразу заваявала аўтарытэт у першамайцаў. Сціплая, адкрытая, уважлівая да людзей, яна з вялікай адказнасцю адносіцца да сваіх прафесійных абавязкаў. Дабрыня і выключна паважлівыя адносіны да пацыентаў, большасць з якіх ужо пенсійнага ўзросту, таксама вызначаюць гэтага земскага доктара. Марыя Іосіфаўна ўмее падтрымаць, даць мудрую параду, настроіць на аптымістычную хвалю і здаровы лад жыцця. Акрамя таго, у галоўнага ўрача нямала і адміністрацыйных абавязкаў. На шчасце, у аграгарадку ёсць на каго абаперціся пры ўзнікненні злабадзённых пытанняў. Работа бальніцы заўжды знаходзіцца ў полі зроку дэпутацкага корпуса і старшыні Першамайскага сельвыканкама Наталлі Сідлярэвіч. Заўсёды гатова падставіць плячо кіраўніцтва мясцовага аграпрадпрыемства. Усе тут разумеюць: няма нічога больш важнага, чым здароўе чалавека.

 

 

У сельскай бальніцы налічваецца 10 медыка-сацыяльных месцаў і 5 тэрапеўтычных. Для пацыентаў створаны ўсе неабходныя ўмовы. Праводзяцца якаснае лячэнне і неабходныя прафілактычныя мерапрыемствы, арганізавана збалансаванае харчаванне, ёсць тэлевізар, тэлефон, свежая прэса.

 

Невялікі, але дружны і згуртаваны калектыў бальніцы робіць усё неабходнае, каб іх падапечныя як мага хутчэй папраўляліся. Нельга не адзначыць старанне памочніка ўрача Наталлі Баклага. Прыемна назіраць за яе дакладнымі, упэўненымі і прафесійна выверанымі рухамі, калі Наталля Уладзіміраўна ставіць кропельніцы, робіць забор крыві, складаныя перавязкі… І ўсё гэта з любоўю да людзей і нязменна добразычлівай усмешкай. “Наша Наташа”, -- з цеплынёй гавораць аб ёй людзі. Толькі словы падзякі заслугоўваюць і іншыя медсёстры ды клапатлівыя санітарачкі ў гэтай бальніцы.

 

 

У Дзень медыцынскіх работнікаў хочацца ад душы павіншаваць як персанал Першамайскай участковай бальніцы, так і ўсіх людзей у белых халатах Шчучыншчыны з іх прафесійным святам, пажадаць нашым ахоўнікам здароўя – толькі здароўя, майстэрства ў  нялёгкай і такой патрэбнай людзям справе, а яшчэ – міру, дабрабыту і, безумоўна, асабістага шчасця.

 

Ягор ДРАЎНІЦКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!