Перамога ў другім матчы. МФК “ФСК Шчучын” працягвае свой шлях у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па міні-футболе

 

МФК “ФСК Шчучын” працягвае свой шлях у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па міні-футболе сезона 2023/2024. На гэтых выхадных наша каманда правяла выязны матч супраць каманды “Граніт-Агра” з Дзятлаўскага раёна. Гульня прайшла ў Навагрудку.

 

Пасля ўпэўненай перамогі над слонімскім “Фарсажам” каманда са Шчучына лічылася фаварытам у паядынку з “Граніт-Агра”. Заўзятары зноў чакалі вялікай колькасці забітых мячоў, што і адбылося на пляцоўцы падчас гульні.

 

Матч адразу пачаўся з упэўненай гульні “Шчучына”. Нашы футбалісты арганізоўвалі атаку за атакай, што значна напружвала абарону гаспадароў. На пачатку тайма дзятлаўская дружына адбівала напады, але лік у матчы адкрыў шчучынскі гулец Рэнат Саук. Далей абарончыя рэдуты “Граніт-Агра” пачалі даваць усё больш прабоін. Спачатку нашым футбалістам дапамог аўтагол саперніка, потым, дзякуючы трапнаму стрэлу шчучынскага легіянера Адамса Пільпао лік на табло стаў 0:3. Так і завяршыўся першы тайм.

 

У другой палове сустрэчы гледачы ўжо наўрад ці спадзяваліся на інтрыгу. Хутка мяч у вароты дзятлаўцаў забіў Аляксандр Кірылаў, зрабіўшы лік 0:4. Далей за справу ўзяўся Адамс Пільпао, які двойчы пакрыўдзіў саперніка і, такім чынам, аформіў хет-трык у гэтым матчы (0:6). Пасля шостага гола сапернікі “Шчучына” ўсё ж змаглі правесці эфектыўную атаку і забіць (1:6). Шчучынцы на гэты гол адказалі дублем Сяргея Краявога (1:8). Да канца тайма гаспадары яшчэ паспелі забіць адзін мяч, аднак на вынік гульні гэта ўжо ніяк не магло паўплываць.

 

Такім чынам, з лікам 2:8 МФК “ФСК Шчучын” перамог “Граніт-Агра” і мае ўжо дзве перамогі на старце турніру. Наступны матч ён правядзе 3 снежня супраць зэльвенскай “Энергіі”. Прыходзьце падтрымаць нашу каманду!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!