"Паўлавіч, галасаваць будзеш?". "А як жа!"

Сведкай такога дыялогу журналіст стала ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у г.п. Астрына, куды зайшла сёння разам з намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Астрынскага ўчастка для галасавання №15 Алай Іванаўнай Варганавай і членам камісіі Віктарам Пятровічам Ціунчыкам.

 Насельнікі гэтай установы хоць і ў гадах, але грамадзянскую актыўнасць не страцілі – таксама пажадалі далучыць свае галасы ў падтрымку кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Тым больш, што ў бюлетэнях аказаліся знаёмыя ім прозвішчы – людзей, якія клапоцяцца пра здароўе і быт жыльцоў аддзялення.

А ўжо праз нейкай паўгадзіны аўтар гэтых радкоў апынулася ажно ў Шчанцы. Акурат у гэты час сюды прыехалі члены ўчастковай выбарчай камісіі Астрынскага-сельскага ўчастка для галасавання №16 Ала Міхайлаўна Прыстаўка і Васіль Васільевіч Каранкевіч. З яркай пазнавальнай скрыняй у руках яны заходзілі ў дамы вяскоўцаў, якія пажадалі прагаласаваць на даму. Прыязна сустрэла іх і гаспадыня дагледжанай сядзібы Людміла Іванаўна Гіль.

– Заўжды ўдзельнічала ў выбарах, – падкрэсліла жанчына. – І сама не раз была дэпутатам сельскага Савета. Дапамагала людзям, як магла...

  Гэтай актыўнай выбаршчыцы са стажам ўжо 82 гады. Жыццё пражыла не дарэмна. Больш за 30 год адпрацавала ў сістэме спажывецкай кааперацыі. Ніколі не была раўнадушнай да грамадскага жыцця. Пакуль дазваляла здароўе, даглядала месца апошняга спачыну салдат, пахаваных непадалёку ад вёскі...

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!