Партнёрскія адносіны пашыраюцца

У мінулую пятніцу дэлегацыя Шчучынскага раёна наведала горад Варэну. Мэтай візіту было абмеркаванне перспектываў далейшага супрацоўніцтва і пашырэнне партнёрскіх адносін у гуманітарнай сферы. 

Шчучынцы наведалі дзяржаўную бальніцу ў Варэне, дзе азнаёміліся з асаблівасцямі існуючай у літоўскіх сяброў сістэмы аховы здароўя. Дырэктар бальніцы Альгідас Міклічус і яго намеснік Данголе Мішкінене правялі змястоўную экскурсію па аддзяленнях бальніцы, распавялі аб асноўных праблемах, якія непакояць медыкаў суседняй краіны. Галоўны ўрач Шчучынскай раённай бальніцы Станіслаў Георгіевіч Амбрушкевіч атрымаў магчымасць не толькі на ўласныя вочы ацаніць узровень тэхнічнага забеспячэння і ўмовы працы літоўскіх калег, але і пагутарыць з медыцынскім персаналам. Надзвычай прыемна было сустрэць сярод медыкаў і нашую зямлячку, якая паходзіць з Новага Двара і даўно ўжо жыве і працуе ў Варэне. 
Пасля знаёмства з бальніцай беларускія і літоўскія калегі абмер­кавалі магчымасць распра­цоўкі сумеснай заяўкі для ўдзелу ў праграме трансгранічнага супра­цоў­ніцтва “Літва-Латвія-Беларусь 2014-2020”. Тым больш, што многія праблемныя пытанні ў медыцынскім абслу­гоўванні насельніцтва па абодва бакі мяжы пераклікаюцца. На працягу бліжэйшага часу будзе распрацавана агульная канцэпцыя, якая дазволіць вызначыць напрамак сумесных дзеянняў.


Адбылася таксама сустрэча шчучынскай дэлегацыі з кіраўніцтвам Варэнскага самакіравання. Тэмай размовы стала рэалізацыя сумеснага праекта “Пазнай мяне”, які ўвайшоў у лік пераможцаў сёлетняга конкурсу заявак. Літоўскія калегі прапанавалі наведаць дзіцячую школу мастацтваў у Варэне, якую ў бліжэйшы час чакаюць вялікія перамены, зрэшты як і Шчучынскую ДШМ. Намеснік начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Амшэй з задавальненнем скарыстаўся гэтай прапановай. Падчас імправізаванай экскурсіі настаўнікі і выхаванцы школы распавялі аб гісторыі сваёй навучальнай установы, поспехах і перамогах юных мастакоў і музыкантаў. 
Цёпла развітаўшыся з варэнцамі і запрасіўшы іх у самым хуткім часе наведаць Шчучыншчыну са зваротным візітам, удзельнікі дэлегацыі нашага раёна накіраваліся дадому.
Сяргей КРАСНОЎСКІ.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)