Пад адной вокладкай – гісторыя і сучаснасць будаўнічага прадпрыемства. Сваю карпаратыўную кнігу напярэдадні юбілею выпусцілі ў МПМК-167

 

Прыгожая і змястоўная карпаратыўная кніга “Шчучынская МПМК-167: будуем якасна, дабротна, хутка” пабачыла свет напярэдадні 55-годдзя адной з лепшых будаўнічых арганізацый сістэмы “Гроднааблсельбуд”. Свой юбілей “з дзвюмя пяцёркамі” шчучынскія будаўнікі адзначаць 1 студзеня 2021 года. Менавіта новая кніга-альбом стане цудоўным падарункам кожнаму з працаўнікоў калектыву.

 

Уступнае слова належыць старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксею Садоўскаму, генеральнаму дырэктару “Гроднааблсельбуда” Яўгенію Каханцу і дырэктару Шчучынскай МПМК-167 Аляксандру Смірнову, які, дарэчы, з’яўляецца кіраўніком гэтага творчага праекта. “Інфармацыя, якую знойдзе чытач на старонках гэтага выдання, дапаможа больш даведацца аб Шчучыншчыне і яе працоўным патэнцыяле, нашых кадрах і нашых магчымасцях у будаўнічай галіне”, – сцвярджаюць прамоўцы.

 

 

– У кнізе распавядаецца аб станаўленні і важнейшых этапах развіцця Шчучынскай МПМК-167, аб узвядзенні знакавых прамысловых і сацыяльна-культурных аб’ектах, што сталі візітоўкай рэгіёна. Вялікая ўвага надаецца пераемнасці прафесійных набыткаў, расказу аб поспехах і перспектывах прадпрыемства і, вядома, аб людзях, чые працоўныя біяграфіі на ўсё жыццё звязаны з родным прадпрыемствам, – зазначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце МПМК-167 Маргарыта Бясецкая.

 

Над кнігай карпатліва працавалі як супрацоўнікі мінскага выдавецтва ОДА “Бяловагрупп” на чале з нашай зямлячкай – журналістам і выдаўцом Кацярынай Аксёнавай, так і самі работнікі МПМК-167, прадумваючы канцэпцыю і структуру выдання. Значны партнёрскі ўклад у нараджэнне кнігі належыць таксама журналістам раённай газеты “Дзянніца”. Мноства цікавых здымкаў з адкрыцця аб’ектаў, гістарычнай хронікі, якую прадаставілі Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і Нацыянальная бібліятэка, замалёвак аб сапраўдных прафесіяналах, працоўных дынастыях робяць кнігу не толькі ўнікальнай, але блізкай і цікавай кожнаму шчучынцу. Шмат увагі на старонках выдання ўдзяляецца як ветэранам прадпрыемства, так і моладзі, што параўнальна нядаўна гарманічна ўлілася ў дружны калектыў будаўнікоў і працягвае лепшыя традыцыі старэйшага пакалення.

 

Кніга выйшла накладам 350 экзэмпляраў. Выдаўцы маюць намер прадставіць яе на рэспубліканскі конкурс на лепшую карпаратыўную кнігу.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!