Пачаць жніво прымусіла анамальная спёка

Аграрыі саўгаса “Вялікае Мажэйкава” першымі ў раёне прыступілі да ўборкі зерневых культур. Калі мы прыехалі на поле ля мехмайстэрні, дзе на плошчы 75 гектараў раскінуліся пасевы азімага ячменю, тут няспынна працавалі тры зернеўборачныя камбайны. За імі ішлі трактары з прычапнымі граблямі, якія раскідвалі салому. Падсушаную, яе падбіралі прэс-падборшчыкі і скручвалі ў цюкі, абмотваючы іх спецыяльнай сеткай.

Распачаць жніво і намалаціць першыя цэнтнеры зерня новага ўраджаю даверылі вопытнаму механізатару Пятру Янавічу Арлукевічу, для якога гэта ўжо 41 уборачная кампанія.


– За сваю салідную механізатарскую кар’еру дасканала асвоіў камбайны СК-3 і СК-4, “Дон-1500”, “Мега”, – зазначае Пётр Янавіч. – Цяпер вось кірую магутным камбайнам “Палессе”, які ў эксплуатацыі другі сезон. Паколькі тэхніка адносна новая, то працуе бездакорна. Сяміметровая жатка дазваляе намалочваць да 100 тон зерня ў дзень.
Дапамагае ўбіраць хлеб Пятру Іванавічу малады памочнік Дзмітрый Віткоўскі.
– Сам я тутэйшы – нарадзіўся і вырас у вёсцы Кемяны, – гаворыць Дзмітрый. – На выбар будучай прафесіі паўплываў мой бацька Алег Яўгеньевіч, які вось ужо колькі гадоў плённа працуе механізатарам у нашым саўгасе. Пасля школы паспяхова скончыў Лідскі індустрыяльны каледж і пайшоў служыць у армію. Дэмабілізаваўшыся, уладкаваўся на працу ў родную гаспадарку. Трапіў у адзін камбайнавы экіпаж з Пятром Іванавічам Арлукевічам, чаму вельмі рады: будучы першакласным камбайнерам, ён даступна тлумачыць мне ўсе нюансы гэтай прафесіі і дапамагае асвойваць тэхніку. Дзякуючы гэтаму я ўжо ўпэўнена адчуваю сябе за штурвалам зернеўборачнага камбайна “Палессе”.
Аператыўна дастаўляе зерне новага ўраджаю на зернесушыльны комплекс вадзіцель Аляксандр Віктаравіч Сафонаў. На грузавіку ГАЗ-53 ён робіць да 10 рэйсаў у дзень, падчас кожнага з якіх перавозіць да 4 тон залатога грузу. Таксама бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі вадзіцелі Антон Мар’янавіч Шмукста і Рыгор Канстанцінавіч Лізень.
– Так рана распачаць жніво нас вымусіла анамальна сухое і гарачае надвор’е, – тлумачыць дырэктар саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Юрый Генрыкавіч Бяляўскі. – Пасевы азімага ячменю, якія ў нашай гаспадарцы налічваюць рэкордныя для раёна 150 гектараў, моцна пацярпелі ад спёкі і патрабуюць выбарачнай уборкі. З-за недахопу вільгаці зерне не змагло як след наліцца, таму дабіцца мінулагодняй ураджайнасці будзе складана. Аднак мы робім усё, каб мінімізаваць страты. Штодзень у поле выходзяць чатыры зернеўборачныя камбайны, аднак пры неабходнасці мы можам павялічыць іх колькасць да дзевяці. Гатовы і якасна абслужаны 12 грузавікоў, якія з пачаткам масавай уборкі будуць задзейнічаны на адвозцы.
Акрамя азімага ячменю мажэйкаўскім аграрыям сёлета прадстаіць убраць 500 гектараў азімай пшаніцы, 300 гектараў азімага трыцікале і 500 гектараў яравога ячменю. Разгарнуць жніво па поўнай мясцовыя хлебаробы плануюць у першай дэкадзе ліпеня.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.