Дзе былі разваліны, там хутка зашумяць травы

Згодна з планам добраўпарад­кавання на 2017 год, у “Жалудоцкім агракомплексе” пачаўся дэмантаж аварыйных будынкаў былога Скідзельскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм ля пасёлка Дубрава.

Тры дні тут працаваў універ­сальны экскаватар, які знёс усе паўразбураныя вытворчыя памяшканні на плошчы ў тры гектары. Цяпер унікальная 35-тонная драбільная машына перапрацоўвае рэшткі жалезабетонных канструкцый на шчэбень, які жалудоцкія аграрыі выкарыстаюць для падсыпкі дарог. 
– Аналагаў нашай драбілцы няма ва ўсёй вобласці, – зазначае механізатар дзяржаўнага прадпрыемства “Гроднааблсельбуд” Казімір Сцяпанавіч Ашкіневіч. – За адну гадзіну працы гэта цуда-машына спажывае 30 літраў паліва. Аднак і эфект адчувальны! Агрэгат не проста здрабняе элементы адслужыўшых канструкцый, але і адначасова аддзяляе металічныя прадметы пры дапамозе спецыяльнага магніта, усталяванага ўнутры. Калі мы з напарнікам Аляксеем Леанідавічам Ракевічам закончым тут усе работы, на гэтай зямлі можна будзе сеяць травы. 


Як высветлілася, будынкі колішняга прадпрыемства меліярацыйных сістэм ля пасёлка Дубрава – гэта адзіны аварыйны аб’ект на тэрыторыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, дзе мясцовым аграрыям засталося навесці парадак. 
– За апошнія пяць гадоў мы знеслі ўсе старыя фермы, закінутыя мехмайстэрні і іншыя гаспадарчыя пабудовы, якія былі выведзены з эксплуатацыі, – гаворыць дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Юльянавіч Гузень. – Акрамя таго, разабралі 60 струхлелых хутароў. Усю вызваленую зямлю ўключылі ў севазварот. Такім чынам павялічылі плошчу сельгасугоддзяў прыкладна на 60 гектараў. Каб палепшыць контурнасць палеткаў, разам са шчучынскімі энергетыкамі нават пераносім высакавольтныя апоры, якія перашкаджаюць працаваць сельскагаспадарчай тэхніцы. Таксама пракладваем сваімі сіламі новыя дарогі. 
Сапраўды, праязджаючы па тэрыторыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, аглядваючы палеткі, адчуваецца, што зямля тут знаходзіцца ў надзейных гаспадарскіх руках. І там, дзе некалі былі пусткі і стаялі паўразбураныя будынкі, ужо шумяць травы і радуюць вока сельскагаспадарчыя культуры. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!