Няхай заўжды з вамі па жыцці крочыць “Дзянніца”!

Ёсць у чарадзе прыгожых майскіх урачыстасцей асаблівы для нас, газетчыкаў, дзень – Дзень друку, наша прафесійнае свята. Каб зразумець усю ступень напружанасці рэдакцыйных будняў, меру адказнасці за кожнае надрукаванае слова, трэба проста папрацаваць у рэдакцыі, пакарпець над кожным артыкулам, над кожнай газетнай паласой.

 

Дзень друку – прафесійнае свята супрацоўнікаў “Дзянніцы”. Сённяшніх і былых – тых, хто аддаў многія гады свайго жыцця газеце, якая для іх – не проста радок біяграфіі, а часцінка душы. Гэта свята і ветэранаў-паліграфістаў былой Шчучынскай друкарні. Дзякуй вам усім за самаадданае служэнне газеце – ва ўсіх сённяшніх поспехах Шчучынскай раённай газеты ёсць часцінка вашай працы, без яе яна б не стала такой, як ёсць.

 

Сёння “Дзянніца” змагла захаваць найлепшыя традыцыі, закладзеныя адданай працай былых супрацоўнікаў. Але ж яна імкнецца адпавядаць патрабаванням часу і адлюстроўваць найбольш важныя і цікавыя сучасныя праблемы.

 

Зараз СМІ ўсё часцей і часцей выкарыстоўваюць электронныя версіі, значна пашыраючы кола сваіх чытачоў не толькі ў пэўным рэгіёне, краіне, але і ва ўсім свеце. Ужо больш за дзесяць гадоў мае сваю электронную версію і наша газета “Дзянніца”. За суткі наш сайт наведваюць больш за 1500 чалавек. Мы працуем над тым, каб інтарэс да нашага выдання не слабеў, а наадварот – павялічваўся. Такая блізкасць да людзей, што жывуць у раёне і што знаходзяцца далёка-далёка ад родных мясцін, і ёсць галоўны козыр раённага выдання.
Сёння мы віншуем са святам чытачоў “Дзянніцы”. Усіх – тых, хто любіць сваю “раёнку” і не шкадуе цёплых слоў для яе, і тых, хто шукае на яе старонках найперш недахопы і памылкі. Тых, хто чытае яе многія гады і дзесяцігоддзі, і тых, хто аформіў падпіску ўпершыню. Хто дасылае нам лісты ці заходзіць асабіста, каб прааналізаваць тыя ці іншыя публікацыі, і тых, хто ананімна “ёрнічае” ў каментарыях на нашым сайце. Бо без вас, шаноўныя нашы падпісчыкі і чытачы, не было б нас – журналістаў, камп’ютаршчыкаў, усяго калектыву рэдакцыі.

 

А яшчэ мы ў гэты дзень дасылаем віншаванні нашым даўнім і адданым памочнікам – работнікам пошты. Бо хоць у іх і ёсць сваё прафесійнае свята, і нават два – Дзень работнікаў усіх галін сувязі, які будзе адзначацца літаральна праз два дні, і Сусветны дзень пошты, усё ж рэдакцыя лічыць, што Дзень друку – таксама іх свята. Бо мы працуем у цесным узаемадзеянні, і без іх дапамогі нам цяжка было б данесці плён сваёй працы да тых, каму яна найперш прызначаецца – да нашых чытачоў. Мы ад душы віншуем таксама работнікаў “Саюздруку” і ідэалагічны актыў раёна з Днём друку. Няхай заўжды з вамі па жыцці крочыць “Дзянніца”, нясе вам добрыя навіны і новыя адкрыцці.

 

Заставайцеся з намі і будзьце ў курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца на Шчучыншчыне! Усіх віншую з Днём друку! Шчыра жадаю міру, згоды і ўзаемаразумення, радасных падзей, аптымізму, асабістага шчасця і цудоўнага вясновага настрою. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Сяргей Каспярчук,
галоўны рэдактар.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!